Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ца? — Зьвязаны рукі, спаралюшавана сіла. Можа й ніякавата ўцякаць з поля бойкі, але-ж ці ён адзін вымушан на гэта? Дзесяткі яго таварышоў пакінулі край бяспраўя, край зьдзеку і глуму і падаліся ў Амэрыку. Многім нават і не пагражала тое, што яму. Узьненавідзелі царскі глум — і паехалі. А ён-жа, пад пагрозаю пятлі, або лепшае — дзесяцёхгадовай катаргі. Сьвежыя сьляды ад уцёку з васторгу... Публікацыя ў газэтах... Пяць месяцаў усяго...

І Трахім, і, тым болей, Фэйга, падзялялі думкі Ігнася: адпісывалі лісты і радзілі ад сябе думаць аб Амэрыцы. У гэтых радах Ігнась даставаў апору і апраўданьне. „Еду — што-ж зрабіць“, у скутку сваіх частых роздумаў выказваўся ён. І, пэўна, праз сваё мястэчка. Столькі ўсяго прыемнага зьвязана з ім. І месца, і школа, і майстэрня, і людзі — таварышы! Дзесяць-жа гадоў, як умеў, а змагаўся ў Пуляўках. Перш пяяў толькі песьні разам са старэйшымі таварышамі, пасьля наведамі прабіраўся ў лясы на патайныя сходкі, далей запісаўся ў гурток іскраўцаў, а яшчэ далей — стаў сябрам організацыі. У пятым годзе колькі прамоў наказаў сваім мяшчанам і сялянам бліжэйшых вёсак... Усе з ахвотаю слухалі яго, усе лічылі разумным — сваім чалавекам, абстайвалі ня раз перад станавым, калі той прычэпліваўся да яго старых бацькоў...

Што-ж апасьлівага можа стацца, калі консьпірацыя не як-раз вытрымаецца? Ну, угледзіць Піліп, угледзіць Тамаш — стояць, скрыюць, замаўчаць... Пэўна, лепей, каб ніхто не заўважыў. Толькі ўсяк трэба думаць, на ўсё разьлічваць.

Ігнась папераджаў намёкамі ў лістох да бацькоў, каб яны маўчалі. Ён намякаў брату Хрызю, каб той ад сябе дапамінаў старым. Гэта мела свае скуткі. Бацькі, старыя Вілы, толькі між сабою дзяліліся радасьцю й думкамі аб Ігнасю. Праўда, рупілася хоць каму сказаць — бо ці-ж утрымаць у суцешаным сэрцы гэткую радасьць? Грудзі гатовы пукнуць ад нахлынуўшага ў іх пачуцьця... Як-ні-як, столькі часу ня бачыцца, столькі бурных страшных гадзін з недапэўненай думкай аб яго цэласьці перанесьлі бацькі! Закасаныя за локаць рукі, пабітыя жыламі, сінімі, напятымі, як струны, захудалыя рукі Мікіты дрыжалі ад жалю, снуючы чоўнікам направа й налева. Згорбленая сьпіна, сорак лет капаўшая канавы ў балотах Палесься, а пяцьдзесят зім скручаная ў крук над плецянінаю рындняных мяшкоў падрадчыку, шчымела ад вострых колікаў... Як дым з люлькі, па дваццаць разоў у дзень мяняўшай тытунь, несьліся думкі то ў Менск, то ў Беласток, то дзе-індзе, куды ступала нага Ігнася. Часта-часта, абы крутней рабілася сыну, спускаліся па канаўках-маршчынах васкавога твару Мікіты важкія бабавінкі-сьлёзы... А маці, Аксеньня, можа жаласьлівей-