ПОМСТА.
(Апавяданьне)
I.
Аб тым, што Ігнась Віла перад Пакравамі ўвечар будзе ўдому, ведала ня больш пяцёх чалавек: Алесь Цапа, які пісаў заўсёды лісты да яго ад бацькоў, Трахім Зацірка, сябар Пуляўскай організацыі „Іскра“ і Фэйга Шамес з мясцовай філіі Бунда. Заехаць дамоў пасьля доўгіх гадоў скрытнага жыцьця — рэч зразумелая для прасмагшага хаценьнем убачыцца са сваімі падпольнікамі. Тут ужо чапляюцца вечна жывыя струны радавой сувязі ў людзкім жыцьці. Тры гады ўпартае зацяжнае працы сярод рабочых і салдат, розныя перасьледаваньні поліцыі — знэрвавалі Ігнася дашчэнту, расстроілі яго здароўе і сілу. А ўперадзе — што ні дзень, — то горш: зусім нядаўна яшчэ, толькі месяцаў чатыры, як вынікла надзея на паўстаньне салдат з прычыны разгону думы, а потым, глядзіш, усё замерла, адышло назад. Урад ачухаўся, сабраўся з сіламі і паступова пачаў уганяць тоўсты клін у пераможаную ім рэволюцыю. Вакол, як патухаючае попелішча, асядае хваля ўздыму: нядаўны пэнт у салдат астыў, рабочыя — без сялян — асталіся адны. Як хмары на сьветлы лазурак сіні — нацягае сеткі ліпкая ад крыві рэакцыя. Інтэлігэнцыя, толькі год таму гарэўшая агнём помсты, заціхла, адышла назад... Павеяла сумам. Мястэчка, хоць і прамысловае, з трыма сотнямі гарбароў ды з гэткім-жа лікам ткачоў, застаялася, як балота... Чутно і відно, што справа, над якою воскам папаліў сваю энэргію, што гэта справа прыняла іншы зварот. Як быццам-бы выбіла з каляіны, зьбянтэжыла. На душу асеў нейкі цяжар і ўтома.
Ігнась у лістох да Трахіма і Фэйгі неаднораз скардзіўся на зьмененыя варункі ў працы, апісваў свой настрой і паведамляў, што наведае дамоў, бацькоў, каб далей, пагутарыўшы з таварышамі, падумаць аб Амэрыцы. Што-ж іначай? Змагац-