Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Агапа адвярнулася на хату і міжвольна спыніла зірк на сьцяне; портрэт, у пазалочанай аправе ручнога вырабу, прыцягнуў да сябе яе пагляд. Агапа падалася бліжэй к сьцяне. Нярухома, усё ў адным палажэньні вось ужо болей году глядзеў на яе са сьцяны яе Костусь, заліхвацкім, бравым, у хворменнай вопратцы чырвонага ахвіцэра, з рамухамі цераз плечы, папругаю і буйнай гвяздою на левым баку грудзей.

Кожны раз, як Агапа глядзела на портрэтку дарагога ёй чалавека — а глядзела яна траха ня кожную хвілю, знаходзячыся ў хаце — сэрца яе білася часьцей, цёплае пачуцьцё ўцехі напаўняла душу, а прагнае, калючае жаданьне — ехаць к міламу Костусю — катавала яе да болі.

„Прыяжджай да мяне, у Н. Наша вайсковая часьць, посьле шасьцімесячнага бываньня на позыцыі, знаходзіцца ў горадзе на спачынку. Спачываць будзем болей месяца. Я чакаю па службе падняцца вышэй і, можа стацца, застануся начальнікам гарнізону. Бач, я адлічыўся ў бойках, дастаў падзяку і за гэта мне даюць павышэньне“.

Так пісаў у лісьце да сваёй Агапы Костусь.

І яна тысячу разоў прачытвала гэты ліст і кожны раз, перачытваючы яго, праглася да „жаданага Костуські“ ўсёю душою.

Але час бег, а варункі і абставіны дамашняга жыцьця ўсё прашкаджалі ёй сарвацца з месца і паехаць. Праўда, крыху тут яшчэ віною былі і яе трусасьць ды нерэшучасьць. „Найду ці не найду Костуся, а ад бацькоў адарвуся... Тады за-клянуць яны мяне, адракуцца назаўсёды. Бо супроціў іх волі мне прыдзецца зьбегчы ад іх,“ думала Агапа, калі сэрца прыводзіла да рашэньня.

І так мінула каля месяца. Цэлы месяц! Як многа часу! Колькі вады за гэты час працякло, якія здарэньні маглі трапіцца ў жыцьці Костуся, у яго жыцьці, поўным раптоўных капрызаў долі!

Але пачуцьцё перамагала ўсё, сэрца патрабавала свайго. Уся істота яе заставалася абуранай неадчэпнымі думкамі аб ім, аб Костуську. Ня йшла на вум работа, кідалася з рук, нівошта не займала, нішто ня цікавіла. Гэтак доўга жыла з ім, гэтак шчыра зблізілася, так прывыкла да яго, так пакахала! Хто-ж і што ў моцы разлучыць іх назаўсёды, палажыць непераходныя прашкоды да іх спатканьня?

— Кінь ты гадаць аб сім, цудная! Пакінь дурасьць. Што ты ўгледзела ў ім самавітага, што з вума сходзіш па ім? Кінь, Агапка, — у добрым настрою часамі ўгаварвала яе матка. А часамі, калі ёй дочка надазаляла сваім Костусем, сур’ёзна гразілася: