ён несымпатычны. «Найвышэйшая рада мудрацоў», вельмі блізкая да ідэалу манахаў, нікому не пашкодзіць, а памагчы можа шмат каму. Carrel рабіў-бы сваю «раду» паводле агульнага й вострага стажу паасобных сяброў. Мы мо’ вырашылі-б больш індывідуальна, кожны па сабе на свой лад.
Ня будзем спорыць з аўтарам. Важнейшы для нас дыягноз і аналіза сытуацыі, якія праведзены вобразна й пуката. Лішне чорныя колеры мясцамі выкліканы лёкальнымі амэрыканскімі ўмовамі. У цэласьці бяручы, кніжка — гэта крык адчаю чалавека, які глянуў цяжкой праўдзе ў вочы. Выхад з сытуацыі бачыць ня ў поступе цывілізацыі й тэхнікі, а ў старых праўдах, даўно ведамых і таму недацэніваных, як трэба.
Кожны чалавек можа сам толькі навучыцца хадзіць. Усякія хітра выдуманыя прылады, палягчаючыя навуку хадзьбы, — карысныя пастолькі, што памагаюць менш разоў падаць на зямлю. Знайсьці свой шлях можа кожны паасобку. Стадныя рэцэпты жыцьцё выкідае вельмі хутка, бо яны ня могуць адрабіць работы за адзінку. Усё-ж такі практыка й досьлед чалавека шчырага, сумленнага будзе заўсёды павучальны й што найменш гэтак можам глядзець на кніжку й думкі Carrela.