Як гэта пераломліваецца ў чалавеку? Усе меркаваньні й дзеяньні накіроўваюцца ў напрамку, які здаецца нам практычным і карысным. Тып адзінкі, якая вырастае ў такой атмасфэры, вызначаецца хітрасьцю, адсутнасьцю таго, што завём «хрыбятніцаю маральнаю». Нястача фундамэнту маральнага, калі няма нічога сьвятога, пэўнага, адклікаецца ў плошчы інтэлекту. Асьвета робіцца патрэбнай, паколькі яна мяркуе аб практычнай старане, няма імкненьня безінтэрэсоўнага паглыбіць яе.
З памылковых адносінаў да праўды жыцьця пачало яно выглядаць, як прыгожы твар адлюстраваны ў крывым люстры. Заняпад маральнасьці, нястача вялікіх ідэалаў, дэгэнэрацыя духовая й далей цялесная — вось дарожка, якая адчыняецца перад намі. А ўсё праз тое, што натуга навукі й тэхнікі мела на ўвеце не найшырэйшае дабро чалавека, а толькі выкарыстаньне ўсіх магчымасьцяў адзінкі й грамады дзеля разьвіцьця й поступу гэнае-ж тэхнікі. Ніхто ня цікавіўся чалавекам-адзінкаю, ня ведалі, ці забыліся аб сапраўдным зьмесьце чалавека. Забыліся, што самапазнаньне можа быць лекам на гэнае зраўнаньне ўсіх перад бажком — цывілізацыяю матарыяльнаю.
Чалавек — гэта крыху больш, як пэўная колькасьць фізыка-хімічных свомасьцяў. Дзеля здароўя, значыцца дзеля добрага самапачуваньня, ня толькі важна, каб усе органы цела працавалі без пахібаў. Пачуцьцё, якасьць інтэлекту, узровень маралі, агульнае разьвіцьцё духовае — ўсё гэта дзейнікі й складовыя часткі здароўя й якасьці адзінкі й ня менш важныя за старану чыста цялесную. Бяз гэных свомасьцяў вышэйшае катэгорыі безкарысным, ці на’т шкодным будзе поступ тэхнічны. Не навукі мэханічныя, фізычныя й хімічныя дадуць нам мараль, здароўе, розум, роўнавагу псыхічную й нэрвовую, пачуцьцё бясьпечнасьці. Ня толькі фізыка й фізыёлёгія хай будуць асновамі ўзгадаваньня, трэба пакінуць належнае месца дзеля характару, праблемаў эстэтыкі, рэлігіі.
Ашчаднасьць, імкненьне да найбольшае карысьці й выкарыстаньня давялі да спэцыялізацыі, звужваючы й абмяжоўваючы агульныя магчымасьці паасобнае адзінкі. Жыцьцё-ж само ня ведае такое вызначанасьці й яно прымушае адзінку непадгатаваную вырашаць у чужой ёй дзялянцы.
Дык ніколі ня можна астацца бяз сынтэзы й бяз людзей, якія выпрацоўваюць сынтэзы, прынамся найважнейшыя з іх.
Дасюлешнія нашыя ведамасьці аб старане цялеснай чалавека вырасьлі вельмі высака. Трэба аднак сказаць, што такія, вельмі простыя, хаця й аснаўныя адначасна пытаньні, як скажам: як зьдзейсьняецца паняцьце, якія шляхі лучаць мозаг з думкаю? — яны дасюль нам няведамыя й ня вырашаныя. Ахвотна раўняюць арганізм чалавека з машынаю. Калі ёсьць тутака аналёгіі, дык ня трэба забывацца, што й розьні-