Трагічны крызыс
Адной з характэрных, найбольш мо’ важных свомасьцяў і праяваў жыцьця зьяўляецца рух. У пайме руху ляжыць імкненьне (у самым прадмеце ці дзеючай волі) да нечага новага. Рух — гэта перамена месца, пошукі новых аспэктаў, новых формаў жыцьця.
Ад пачатку арганізаванага жыцьця ў людзей наглядаецца гэнае самае зьявішча. Новыя ідэі, вандроўкі людзей паасобных і народаў, сацыяльныя, рэлігійныя, эканамічныя плыні, а ў сувязі з гэтым войны, рэвалюцыі, змаганьні аружныя і неаружныя гэта ня што іншае, як праявы таго самага біолёгічнага закону, датарнаванага да канкрэтнае эпохі. Гэныя рознаякія «рухі» — сьведамыя й нясьведамыя, прадбачаныя й непрадбачаныя, ці накінутыя незалежнымі вонкавымі ўмовамі, — зьдзейсьняюць паасобныя культуры й цывілізацыі. Вядомы нам сьвет у сваю гістарычную пару перажыў шмат заняпадаў і нарадзінаў новых культураў і цывілізацыяў.
Ці заняпады адных эпохаў і паяўленьне новых прыходзілі крытычна, значыцца раптоўна, неспадзеўкі, трудна сказаць. Трэба думаць, што крызыс, аднолькава з гэтым, як наглядаем у біолёгіі, мае свае прадпасылкі. Прадпасылкі, вялікае іх мноства, расьцярушываюць нашую ўвагу й дзякуючы таму сам крызыс часта здаецца нам зусім незразумелым, вырасшым неспадзеўкі, хаця ён толькі лёгічным канчаткам ранейшых фактаў
Мы сяньня прывыклі да самога тэрміну «крызыс». Ён не прадстаўляе для нас быццам нічога таёмнага. Усе прывыклі да крызысу эканамічнага, які толькі што перажылі, ці яшчэ перажываем. Крызыс сяньня — гэта нешта пэрманэнтнае. Наймаладзейшае, пасьляваеннае пакаленьне ня ведае агулам іншых умоваў жыцьця, чымся з пары «крызысу». Думаючы аб крызысе, маем на ўвеце адну толькі ягоную старану, мяноўна эканамічную. У сапраўднасьці гэта адна толькі з праяваў трагічных нашых дзён, ломкі старога, пошукаў новага, нейкае вялікае мітусьні ідэяў, лёзунгаў з павадырамі ўсякіх масьцяў. За гэнымі фрагмэнтамі, за жывымі дзеючымі асобамі, за падзеямі блізкімі нам асабіста, ня відаць сапраўднага жарала мітусьні, ня бачым, як чэзьне дасюлешняя форма праяваў душы, ня бачым, як памірае, прыйшоўшы ў тупік, сучасная нам культура й цывілізацыя.
Чаму думаючы аб сучаснай пары датарнаваў-бы да яе назоў «трагічны крызыс»? Дзеля таго, што на’т пры сьмерці вока радуецца новым жыцьцём, якое прышло на зьмену старога. У ймгле, расьцярушанасьці сяньняшняе эпохі ня выра-