лой Слабодкі зайшлі да Хацкеля выпіць па чарцы… Ну, ці мала які можэ быць у людзей інтэрэс. Сядзяць сабе яны, выпіваюць. Уходзіць стражнік, садзіцца каля стала, за каторым сядзелі Пятрусь з Мікітай, — прыляпіўся, як той клешч да сабачага вуха. Не гнаць жэ чэлавека вон ад стала. Наліваюць і яму чарку, бо ўсякая, лічы, вантроба прагне гарэлкі. І у стражніка была гэта вантроба, і ён так сама быў ня промах на шчот гарэлкі, асобліва, калі гарэлка гэта нічога не каштуе.
Выпілі адну поўпляшку, выпілі другую, разьвязяліся языкі, зьявілася і рызыка.
— Ну, што-ж? — гаворыць Мікіта стражніку: — ты з намі піў, стаў цяпер і ты.
— А ты знаеш, с кім ты гаворыш? — пытае стражнік.
— Даволі зірнуць на тваю мардасіну, каб ведаць якая ты штука, — адказывае Мікіта, падпёршы рукою левы бок.
Слова за слова, завязалася сварка, а потым і бойка. Стражнік хацеў хапіць шаблю, але Пятрусь, як клешчамі, сьціснуў яго за плечы.
— Нічога не паможэ табе гэта трапло, — гаворыць Пятрусь, ды разам з Мікітай павалілі яго на зямлю і давай мясіць. Зьбілі на горкаго яблыка. А Мікіта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблі, сказаўшы:
— Добра будзе вушкі паўстаўляць у лапці. —
Паўлюк слухаў, не прапусьціўшы ні воднага слова.
— І суда ня будзе?! — спытаўся ён.
— Які суд? Чэлавек ты! Пабіліся п’яные, от і ўсё — гаворыць сусед.