Перайсці да зместу

Старонка:Тоўстае палена (1913).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну-ж, гад! Не дажджэ тваё ліха! — Скрозь зубы цэдзіць Паўлюк і варочаецца на другі бок.

— Мамка! — крычыць гдзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: — я скачываюся; ці німа чаго палажыць збоку?

— Зьлезь, сынок, пашукй каля печы палена і падлажы пад сеньнічок, — адзываецца с-пад барахла маці.

Паўлюк сярдзіта варушыцца на пасьцелі і стогне, як зьвязаны стары маркач, каторага стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.

— Чорт іх ведае, якіе тут палены! — бунтуецца хлопец: — усё нейкіе так плашкі; каб дзе знайсьці крыху таўшчэйшае.

— Пашоў спаць! сну на цябе німа! — не вытрымовывае Паўлюк і падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек і грукае паленам на ўсю хату.

Паўлюк успамінае Сучынскага і ад злосьці скрыгічэ зубамі.

— Што ты, Паўлюк, скрыгічэш? — пытае, лежучы збоку, жонка.

— Нешта, падла, зуб заныў, — лжэ Паўлюк, каб атчапіцца, і варочаецца ад жонкі у другі бок.

— А ты вазьмі сьцюдзёнай вады; там каля парога стаіць на палені, — радзіць Паўлюку жонка.

— Сьпі лепей! — сьцяўшы зубы, гаворыць Паўлюк.

Патрошкі ў хаці ўсё заціхае, і салодкі сон усім замыкае вочы. Адны толькі насы зайгралі цяпер на ўсе галасы. Адзін нос тоненька высьвістываў:

— Э-ге! Э-ге!

Другі жаласна ныў, як малады каршунец у гнязьдзе.