Перайсці да зместу

Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

11

Прывучаць мяне сталі да працы,
за шавецкі ўсадзілі варштат.
Стаў я корчыцца, клеіць абсацы,
шнураваць памаленечку стаў.

Незадоўга паслалі вучыцца, —
купіў з пераплётам „букварь“ —
стала „молнией“ мне „бліскавіца“,
і „хозяином“ стаў „гаспадар“…

Весялей і на сэрцы ў матулі,
як-ні-як, не байдосую больш.
Харашэй прыадзелі, абулі,
і ў кішэні зароблены грош.

Меў яшчэ і другі заработак,
быў прыслужнік царквы — панамар.
З папяросай, у лякавых ботах,
па нядзелям хадзіў на бульвар

і валондаўся цэлымі днямі;
слухаў сьпевы катрынкі заўжды,
і разглядваў сабе ў панараме
за капейку усе гарады.

З тэй пары, як відаць, палюбіў я
родных вуліц і гоман і крык…
Эх, зялёныя дні, дарагія,
бястурботнай дзіцячай пары.