Перайсці да зместу

Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як варта, плывуць за плытамі чаўны,
хістаюцца ў золаце хваляў.
Зазыўныя песьні шырокай Дзьвіны,
ў сонечнай радасьці звонкай вясны,
чаму спавілі мяне жалем?

Жудасна. Крыўдна. Яшчэ вярста,
і гоман прывольля зьнікае.
Сьлёзы нядолі там льле бедната,
пазбаўлена ў роднае хаце кута —
мовы роднае там пазбаўляюць.

Сьцюдзёным туманам на сэрцы іржа
балюча атручвае радасьць.
Дротам калючым сьціскае мяжа, —
а за мяжой кайданы бразжаць,
кучаравыя сохнуць прысады…

Вечерам ясна-вясеньнім
люблю рассыпаць лятуценьні.

Хочацца ціха, пакорна
туліцца да ночанькі зорнай,
забыцца аб дзеннай завеі
хвілінкай маленькай, аднэю…

Хочацца думкамі ўзьвіцца
над вольнаю ў сьвеце зямліцай!

Люблю прытуліць лятуценьні,
дый… цені, праклятыя цені,
носіць імглістая цемень…