79. Прыдзецца, бачу… Верш выдаецца з аўтографу (п. XI, № 8, ст. 1). Адрыўкі яго знаходзяцца ў папцы № 8, ст. 13. Адносна году напісаньня гл. ўвагу да в. гэтага разьдзелу № 71.
80. Непагодны вечар… Верш выдаецца з аўтографу (п. XI № 10, арк. 2). Адносна даты гл. ўвагу да вершу гэтага разьдзелу № 71.
81. Мы гаворым удвох… Выдаецца з аўтографу (п. VI, № 5). На думку бацькі поэты, верш мог быць навеяны знаёмствам з М. А. К-ай, ялцінскай прыяцелькай поэты па першым яго падарожы ў Крым, і ў пачатковай рэдакцыі мог быць напісаны ў 1909-10 г. г. (гл. ўвагі да в.в. №№ 6 і 18); але Камісія мела гэты верш толькі ў апошняй рэдакцыі 1915-16 г. г., таму і зьмешчаны ён у групе 1915-16 г. г.
82. Ужо пара мне да дому… Верш выдаецца з аўтографу (п. XI, № 10, ст. 1). У пачатковай рэдакцыі ён мог быць напісаны значна раней, але Камісія карысталася аўтографам апошняй рэдакцыі, які напісаны быў не раней 1915 году.
83. Усё праходзе… Друкуецца з аўтографу (п. IV, 8, 34). На думку бацькі поэты, верш адносіцца да Ані К-ай (гл. ўвагу да в. № 42) і мог быць напісан не пазьней 1914 году. Літаратурная Камісія дапушчае, што верш зьяўляецца ўспамінам аб чымсь больш раньнім, але па характары аўтографу, які ў яе быў, аднесла яго да групы вершаў 1915-16 г.г.
84. Пагоня… Выдаецца з „Вольнае Беларусі“ 1917 г. Як паведамляе А. Смоліч, гэты верш быў зачытаны поэтам у „Беларускай Хатцы“ ў канцы 1916 г. разам з в. „Страцім-Лебедзь“. Трэба думаць, што напісаны гэтыя абодвы вершы былі ўжо ў Менску, а прыехаў поэта ў Менск увосень (у канцы верасьня ці пачатку кастрычніка) 1916 г.
У „Вольнай Беларусі“ в. пачынаўся словам „Як“. Літ. Камісіяю гэтае слова ня ўведзена ў тэкст з тае прычыны, што зьяўляецца непатрэбным для разьмеру; яго ня было і ў пачатковай аўтарскай рэдакцыі (са слоў А. Смоліча).
У аўтографе (п. XI, № 9) поэтам зроблена нататка: „У старай Вільні на муру Гострай Брамы высечены герб местовы — ваякі на імкнушчых конях. Герб гэты Вільня атрымала яшчэ за часы Вялікага Князьства Літоўскага, і завецца ён Літоўскай Пагоняй“.
85. Страцім-лебедзь… Выдаецца з тэксту газэты „Вольная Беларусь“ 1918 г. Захаваўся в. і ў аўтографах.
Падабенства рукі аўтографу гэтага вершу да аўтографаў іншых вершаў з групы „На ціхім Дунаю“, выдрукаваньне ў аднэй і тэй-жа газэце, дзе „Пагоня“ і „Вершы беларускага складу“, чытаньне поэтам яго ў „Беларускай Хатцы“ разам з в. „Пагоня“ (гл. ўвагу да папярэдняга вершу), — усё гэта дазваляе думаць, што напісаны ён быў у 1916 г.
Усе аўтографы вершаў М. Багдановіча, зьмешчаныя ў „Вольнай Беларусі“, былі пярэданы Я. Лёсіку Ядвігіным Ш. (Лявіцкім) у 1917 годзе, пасьля сьмерці поэты. Аўтограф данага в. прыслаў у камісію т. М. Касьпяровіч.
86. Вершы беларускага складу… Верш выдаецца з тэксту „Вольная Беларусь“ 1918 г. № 15. Аб часе напісаньня гэтых вершаў пэўных вестак няма. З тае прычыны, што ў гэтай групе ёсьць адрыўкі з „Максіма і Магдалены“, якія напісаны ў 1915 г., можна думаць, што ўся гэтая група магла скласьціся не раней 1915 г.
У „Вольнай Беларусі“ было выдрукавана 5 вершаў, блізкіх сваім зьместам: 1) „А чалом, чалом, мае госьцейкі“… 2) „У Максіма на кашулі вышыты галубкі“, 3) „Як прышла я на ток малаціць“, 4) „Хоць і зорачка