Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
У ВЫРАЙ!

Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!
У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам!
Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці
І зьведываць сьветы арліным узмахам.

Гэй, вольныя птахі, патомкі крывічаў!
Да неба! па зоры і гром пяруновы…
Час крыльле расправіць — пагудка ўжо кліча,
Ўжо віхры цярэбяць да шчасьця шлях новы!

Гэй, вольныя птахі, ўладарнікі песьні!
На шляхі, пад сьцягі красы і свабоды!..
Час вылецець к славе з пагібельнай плесьні
І песьняй агністай дзівіці народы.

1920 г.