Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
А ЗЯЗЮЛЬКА КУКАВАЛА…

Як на сьвет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сьпі, саколік! ку-ку, ку-ку!

Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! ку-ку, ку-ку!

Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала, —
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сей палетак! ку-ку, ку-ку!

Як ні сеяў пільна Янка, —
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў — людзі жалі.
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Жаці будзеш, ку-ку, ку-ку!