Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
КАБ…

Каб таму па локаць
Адсушыла рукі
І аб сьценку біўся
Ад балеснай мукі, —
Хто сушыў ў няволі
Люд наш працавіты,
Задаваў вужача
Раны непазбыты.

*

Каб таму крукамі
Пакрыўляла ногі
І да роднай хаты
Не знайшоў дарогі, —
Хто крыўляў нам праўду,
Застаўляў ў прыгоне
Бежанцамі гінуць
На бацькоўскіх гонях.

*

Каб таго скруціла
Гадзінавым скрутам
І прастала потым
Сухажыльным прутам, —
Хто круціў нам сьцежкі
Да жыцьця і славы,
Засьцілаўшы вочы
Туманом крывавым.