|
Берагі ў крыві Нямігі
Па калені;
Не дабро на іх пасеяў
Сейбіт жменяй.
А былі яны гусьценька
Ў процьмах вузкіх
Там засеяны касьцямі
Сыноў Рускіх.
Усяслаў князь людзям суд судзіў
Гарадамі князёў надзяляў,
А сам поначы, сьвету на зьдзіў,
Ваўкалакам ці воўкам гуляў.
Ён бо з Кіева да пятухоў
Горад Тмутаракань дасьцігаў
І вялікаму Хорсу бяз слоў
Воўкам шлях борзда перабягаў.
Таму ў Полацку рана званы
Пазванілі ў Зафеі сьвятой
Да завутрані, — ён-жа праз сны
Ужо ў Кіеве звон чуе той.
Хоць і вешчая, кажуць, душа
Ў дзёрзкім целе ягоным была,
Але часта бяды без нажа
Нацярпеўся, што доля дала.
Яму першаму вешчы баян
І прыпеўку дасьціпна злажыў:
„Хітры, быстры, ні птах той быстран
Суду божага не перажыў!“
О, стагнаці ўжо Рускай зямлі,
Як усмомніць князёў з былых пор!
Уладзімера таго не маглі
Прыкаваці да кіеўскіх гор.
|