Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



Сягоньня ўсё сьпіць і зрастае зельлем,
Сьцярэч свой край няма ні сьцен, ні рук;
Званы вячовы змоўклі, анямелі,
Ў ярме сагнулі людзі плечы ў крук.

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.

Сыноў тваіх расьсеяў па ўсім сьвеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.

І мерцьвякоў знаходзяць… А жывыя…
Як мерцьвякоў пагляд іх і жыцьцё,
Праклёны толькі шэпчуць векавыя,
Ды вечнае чакаюць нябыцьцё.

Упаў народ. Змарнеў народ, забыўся,
Як Бацькаўшчыну, як яго завуць;
Як падарожны бяз пуцьця, зьнябыўся,
Як сірата, якой нідзе заснуць…

Паўстань, Народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!

Паўстань і глянь, як зьяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясьветных зьмен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цьвет зацьвітае новае зары!

Паўстань, Народ! Для будучыны шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед;
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці, —
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.