Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



Адзін і другі дзень так плакаў —
На трэці ня вытрымаў ён, —
Узяў і памёр, як належа,
У вечны ахутаўся сон.

Прад сьмерцяю толькі пакінуў
Таку эпітаф‘ю жывым:
„Памёр я праз цэнзара, браткі,
Мяне ня вінеце ні ў чым.

Пакуль мяне цэнзары секлі, —
Ах, то-ест, поэмы мае, —
Яшчэ я мог вытрываць неяк, —
Пяяць, аб чым думка пяе.

Але як пачалі мне гладзіць
Крывёю напісаны твор,
Ня вытрываў, браткі, — каб жыў так!
Узяў я сабе ды памёр“.

*

І сьпіць у магілцы поэта,
Вяночак на насьпе ляжыць;
То сонца магілку цалуе,
То дробненькі дожджык імжыць.

Вясною, у маі вясёлым,
Калі ўвесь сьвет у красе, —
Дзяўчынка ўздыхне над магілкай,
Хлапец кулаком патрасе.

А цэнзар, — чытач запытае, —
Што сталася з цэнзарам тым?
Скажу, як мне людзі казалі:
Пайшоў у манастыр назусім.

Сядзіць там, нічога ня робіць,
Аловак свой выкінуў вон,
І моліцца, моліцца шчыра,
За цэнзараў моліцца ён.

14-X 1919 г., Менск.