Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
НАД КАЛЫСКАЙ

Калыхала маці сына
У калысцы у ліповай
І пяяла яму песьню
Вось як тутка, слова ў слова:
— Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі і сьні вясёлкі-гулі,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзься ты матулі.
Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі злажыўшы ў крыж далонкі,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзься ты старонкі.
Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, як кветка на прадвесьні,
Як-жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзься гэтай песьні.
Люлі, люлі, мой маленькі,
Набірайся моцы, сілы,
Як жа вырасьцеш вялікім, —
Не забудзь маей магілы.
Люлі, люлі, мой маленькі!..
...........
Сын павырас, на лес гледзя,
А ці помніць песьню маткі, —
Запытайся ў суседзяў.

1919 г.