|
Менск—Акопы
Пусьціўшы дома пагалоску,
Што я нядуж, лячыцца час, —
Пакінуў горад, еду ў вёску
Набраць здароўя на запас.
Трухкоча брычка па дарозе, —
Сам Разымблюм за фурмана, —
Мяне-ж падкідвае на возе
Ад ям, калдобін і канаў.
Дарогі нашы, ой, дарогі!
Былі няважны для язды, —
Цяпер сам чорт паломіць ногі,
На хвост нагоніць верады.
Ах, вы шляхі!..
З гары на горку
Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол,
Зьбярэшся з думкай на гаворку,
А тут пад зад цябе вандол…
Конь пазірае ў бок з укоса
На плех мурожны пад кустом,
Ды круціць-верціць пад сам носам,
Як тэй кадзільніцай, хвастом.
|