Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ГРУГАН

Кожнай вясны, як выходжу
Свой засяваці загон,
Чорны груган вылятае
Зьнекуль — з няшчасных старон.

Крыльле, як вехі, разьняўшы,
Страшны затачвае круг:
Крумкае, гракае жудка,
Жудкі сплятае ланцуг.

Сумныя думы абсядуць,
Ног не павырваць з ральлі,
Млее рука, а сявалка
Цісьне і цісьне к зямлі.

Восень як прыдзе і з поля
Выйду зьбіраці сяўбу, —
Гэты-ж груган вылятае,
Гэту-ж вядзе варажбу.

Зьвісьне пад хмарамі зданяй,
Воч ня спускае з мяжы,
Косьці пасеены ліча,
Ліча людзей і крыжы.

Гляну, і сілы слабеюць,
К думам сьцікаецца жах,
Сьцісьнецца сэрца ад болю,
Ноч замігціць у вачах.