Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



Таксама мох ляжыць, як воўна, —
Бы ў пуху песьціцца нага;
Ад птушак ройна, шуму поўна,
Глядзі ды слухай як мага.

Сягоньня бачу тут бярозку:
Была жывой — цяпер ляжыць, —
Як маёй смутнай долі цёзку,
Пасьпеў віхор яе скрышыць.

Бяз часу ёй прышлось замерці…
Ляжы, гаротная, ляжы,
Пакуль не разьбяруць па цьверці
Цябе на дровы ці крыжы!

На памяць мне прышла дзяўчына, —
Скажу — тутэйшая яна, —
I здарылася з ёй прычына,
Прычына жудкая адна:

Кашулю ёй зьнялі ў няшчасьці —
Суседзі, а ня іншы хто —
І падзялілі ўсю на часьці,
Як-бы дзяліць ня мелі што.
...............

Прыціхне лес ды зноў аб нечым
Шуміць, гамоніць, колькі дуж,
Супроць вятроў каробіць плечы,
Ўвесь выгібаецца, як вуж

Вароны ў высі крык заўзяты
Узьнялі, бы клянуць сябе,
А дзяцел дзюбаю зубатай
Дзяўбе сасонку ды дзяўбе.

Зязюлька ў тахт „куку“ кукуе,
Як ёй хто голас натачыў;
Лічу, ці доўга павякую…
Замоўкла… мала налічыў.

1926 г.