Перайсці да зместу

Старонка:Творы. 1918―1928 (1930).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


*

Ужо закончыў Ленін,
І Крыжаноўскі ля твораў сваіх,
Сыстэм і плянаў,
Ясьнеючых агнямі,
Як модны Саваоф,
Разьвеяў творчыя памыслы
І рух і словы.
(А сам з сівою доўгай барадой).
І карта фэдэрацыі,
Як цьвёрдая надзея,
Упёрлася ў сьцяну
І марыла ў агнёх.
А на яе палёх,
Як гранкамі чырвоныя рубіны,
Яркія лямпачкі электрыкаю адзначалі
Электрастанцыі у будучыне.
І белым зьзяньнем моц парогаў
З халоднае вады і рэву ад падзеньня,
Ператвароную у вольтах
Электрыку шалёна-агнявую
Паказывалі цыфрамі
Сьвятлістыя вялізарныя кулі.
А дзе загараюць струнамі антэны
І іскры вераскам ў прасторы засьпяваюць
Там, як шафіры маладыя,
Сьвятлом вадзяна-сінім пазіралі аганькі,
Казалі: „вось дзе, тут і там“.

*

А Ленін думкаю далёка ўжо лятаў:
— Мы да атомавых віхур,
Як у калодзеж, зазірнулі.
Дзе ў чорным калідоры дно
Адно шарэе, як асеньні ранак —
Ня то яно, ня то і не яно
(Магчыма, што здалося).