І давай зноў даказваць мне аб іхняй непатрэбшчыне:
— Што гаворыцца ў гэтых кнігах?
— Аб ўсім на сьвеце.
— Дык ты на сьвет праз кнігі глядзіш? Яны-ж табе хіба вочы затуляюць, — жартуе іслам-Бэй. — Ці ня лепш так, бяз кніг, глядзець вакол сябе — вальней.
— Ды ў кнігах апісана аб усім тым, што дзеецца на сьвеце, — паўтараюся я, апраўдываючы існаваньне кніг.
Ты сам што колечы рабі, а няхай аб табе ў кнігах пішуць, калі ёсьць такія аматары. Ты верыш ў кніжкі, як мой дзед верыў у балваны.
— Кнігі вялікая сіла.
— Ну, калі вялікая сіла, дык давай змагацца: я кінжалам, а ты кнігамі. Давай!
Іслам-Бэй падняўся і выхваціў кінжал. Я міжвольна наставіў кніжкі, як шчыт.
Іслам-Бэй зарагатаў голасна, смачна, ад поўных грудзей, вырваў у мяне кнігі і палажыў сабе ў кішэнь.
Ён пільна на мяне зірнуў. Я быў здэтанаваны, і ён гэта заўважыў.
Як-бы электрычны ток прайшоў праз усё яго цела. У вадну хвіліну ён зьмяніўся ад рэзкага і кплівага Іслам-Бэй зрабіўся надзвычайна нежным, уважлівым.
— Прашу прабачыць, — казаў Іслам-Бэй, — ты мой госьць, ты прыехаў у мой край, ты цяпер мне бліжэй за роднага брата…