рыстыя. Праз іх Арнаут бачыць абрысы гор, якія губляюцца ў туманістых далях. Чамусьці яму трэба дагнаць буйвалаў. Ён гоніцца за імі з усіх сіл, аднак дагнаць ня можа. Абліваецца гарачым потам. Мучае страшная смага.
— Піць… піць… — шэпча Арнаут.
Арнаут доўга брыдзе па дзікіх скалах — мо‘ ўжо некалькі год. Ён сам ня памятае. Заблудзіўся. Зусім лёгка заблудзіцца. Горы незнаёмыя. Падобны адна да аднэй — цёмна-бурыя скалы, абросшыя імшыстымі лішаямі, а дзе-ні-дзе спаміж шчылін расшчэпленага граніту тырчаць сухія, крохкія, пакручаныя, хворыя дрэўцы. Ён адчувае іхнюю хворасьць. Во зараз яны сканаюць ад недастачы вільгаці. Якраз, як жывыя істоты. Яго агартае такі жаль да іх, ажно сьлёзы капаюць з вачэй. Сьлёзы цякуць па шчаках і капаюць у рот — салёныя, нясмачныя. Ён падымае ўгору затуманеныя вочы. Неба белае, як папера, як вечны сьнег на вяршынах высокіх гор. У небе насаджаны зоркі — чорныя, як сажа, як вугольле. Арнаута гэта зусім ня дзівіць, нібы інакшага неба, інакшых зорак ён ніколі ня бачыў. Чорныя зоркі пачынаюць раптам успыхваць. Ад іх аддае такой гарачынёй, што Арнаут задыхаецца.
— Піць… піць… — шэпча ён.
Не! Ня выбрацца з камяністай блытаніны гор. Ён тут век будзе векаваць. Духата немагчымая. У хвіліну вялікай роспачы ён угледзеў абшырную даліну, абсеяную пахнучымі лілеямі. Лілеі чырвоныя,