Старонка:Таварыства філёматаў.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

66

Л. ЦЬВЯТКОЎ

кірмаш ды абдурваць людзей… Ня дрэнна-б пайсьці тым шляхам, якім прыходзяць да ўбагаўленьня чалавечых трупаў… накшталт убагаўленьня Баболявае шапачкі… Ах, каб гэты проект перайшоў праз Пірэнэі! Гішпанцы ажыцьцявілі-б яго. Але ля Панараў людзі гэтак не шалеюць". (Ibidem. Радкі 73 −88).

«Хай у Субач прыдзе грэшніца да манаха, дык ён, калі вальле ў яе бальзам пакуты, павыпіхвае з яе ўсе чыста спа­кусы чартоўскія, сатрэ яе віны ды загладзіць грахі». (Powiesc o mlodzie w bodze welebnego ksiedza Dyonizego. Радкі 1-4).

У вершах пад агульным загалоўкам Jaroszowe мы знахо­дзім спрэчку паміж сьвятымі Францішкам і Еранімам з узаем­нымі абвінавачваньнямі такога гатунку, што я не адважваюся ўмясьціць гэтыя прыклады ў мой артыкул. Тут фігуруюць так сама манахі, манашкі ды дэвоткі з іх фізыолёгічнымі патрэбамі.

Трэцім паважным заданьнем філёматаў была барацьба зусім ненатуральным (да чаго яны, паміж іншым, прылічвалі і псэўдаклясычную поэзію). Яны змагаліся і з захапленьнем модамі (Нупрэй Петрашкевіч «Modnicki do woewodzica»).

У спадчыну ад францускіх філёзофаў васемнаццатага сталецьця, галоўным парадкам ад Руссо, філёматы атрымалі вялі­кае замілаваньне да прыроды. З 1820 году яны нават рабілі ранічныя (пачынаючы ад самага сьвітаньня) выправы ў лес, якія называлі маёўкамі (і сапраўды, гэтыя выправы найчасьцей адбываліся ў траўні—маі).

У лесе яны пілі малако, дэклямавалі вершы, гаварыл прамовы, бавіліся рознымі гульнямі і, ужыўшы ўсе прыемнасьці, якія дае вясна, бадзёра ды вясёла йшлі дамоў. Усе ўра­жаньні ад прыроды адбіваліся на іх творчасьці яшчэ й тады, калі ня было гэтых маёвак, бо філёматы любілі і ўмелі наглядаць прыродныя зьявы.

Возьмем, напрыклад, апісаньне восені ў «Думе над могіл­камі французаў» Яна Чачота, або малюнак прыгожае мясцовасьці ў вершы Нупрэя Петрашкевіча.

«Бромір, Дабраслаў, Людаміл і Влодэк». У гэтых адно­сінах вельмі ўдалым трэба лічыць верш невядомага аўтара — «Wiosna».

Прыроду апісваюць філёматы жыва, яскрава, кіруючыся сваімі ўласнымі назіраньнямі, а не застыглымі псэўдаклясычнымі ўзорамі.