Старонка:С. Грынкевіч Зацемкі.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З роднае Сакольшчыны

Хацеў-бы з нагоды кніжкі інж. Крыштофіка[1] зьвярнуць увагу беларускага грамадзянства на Сакольшчыну. Трэба сказаць з сумам, што рознаякія ўмовы і абставіны апошніх некалькінаццаці гадоў быццам пакінулі Сакольшчыну, Аўгустоўшчыну, ды і адчасьці Беласточчыну за лагвом нашага нацыянальнага жыцьця і змаганьня. Сяньня шмат хто, на’т і з перадавое інтэлігенцыі, заглядаецца на менаваныя тэрыторыі, як на мёртвую пазыцыю нашага нацыянальнага чалавечага, інтэлектуальнага і гаспадарчага білянсу, калі яны якта павінны быць дзейным жывым капіталам.

Да вайны бачылі мы ў Сакольшчыне адныя з першых спробаў масавае акцыі нацыянальнае сярод сялянства. Ці гэта былі паасобныя выезды сяброў Горадзенскага гуртка моладзі на вёску з мэтаю распаўсюджваньня сьведамасьці, ці гэта былі выезды тэатральнай трупы вышменаванае арганізацыі — усё гэта будзіла і клікала народ да новых, лепшых дзён і Сакольшчына шырока адгукнулася. З Сакольшчыны родам, сяньня забыты, хаця жывы яшчэ, аўтар сапраўды філёзофічнае, адначасна вельмі простае і практычнае кніжкі пчалярскае, вядомы пад мянюшкаю Г. Бярозкі (Кс. Г. Бэтто). З гэтуль родам Кс. Фр. Грынкевіч — пачынальнік вельмі новачасна наладжанае працы паміж моладзьдзю. Сярод Сакольцаў бачым перадавую жанчыну ў нашым грамадзянстве Л. Войцічыху ды шмат яшчэ іншых людзей…

Вайна перабазавала пункты апоры працы беларускае на новых мясцох і Сакольшчына заглохла, казаў-бы нехта — дзірваном парасла. Зрух у пару Грамады скрануў быццам часткова і расьцярушыў нейкую дрымоту. Аднак не надоўга. Глядзельнік сяньня звонку ня бачыць тае руні беларускае, якая буйна паўсходзіла пару дзесяткаў гадоў таму назад.

Аднак і пасьля вайны вёска ў Сакольшчыне змагаецца за свае правы, імкнецца да асьветы ў роднай мове, робіць спробы наладзіць свае школы. Паказальнікам сьведамасьці можа быць адчасьці распаўсюджаньне прэсы. Дзеля арыентацыі зьвярну ўвагу на такі ма-

  1. Inž. Krysztofik. «Jasienówka wieś powiatu Sokólskiego». Poznań. 1934.