„Што-ж, паспрачаемся“, падумаў Лясьніцкі.
— Вось што, дзядзькі, — зьвярнуўся ён да сялян: — я згодзен з тым, што гэта гісторыя можа й справядлівая, можа так і было, як вы кажаце. Але-ж тут ёсьць яшчэ і формальны бок… Каб гэта ўзналі раней, каб быў час разабрацца ў гэтым, раскапаць што трэба, пашукаць тых дакумэнтаў — тады была-б іншая справа. А цяпер — што-ж… Праз тыдзень-другі сенакос, пан самохаць лукі не аддасьць — аб гэтым няма чаго й гаварыць. А бяз суда такую справу ня вырашаць… Прыдзецца чакаць да налецьця, а сёлета так-сяк даставаць за грошы…
Яго словы, як ён і чакаў, зрабілі на сялян цяжкое ўражаньне. Хвілінку ўсе халодна, напята маўчалі — кожны чакаў, каб пачаў нехта другі. Потым загаварыў Аксэнта. Загаварыў ён нейкім пакрыўджана-настойлівым і разам з тым падкрэсьлена-аўторытэтным тонам:
— А што мы на фронце біліся ды калекамі засталіся, дык гэта так сабе? А свабоду хто адваяваў, га?.. Суд… Мала што суд! У акопы — дык бяз суда пасылалі, а цяпер — суд!.. Думай ты гэта…
І ён няўцямна разьвёў рукамі перад сялянамі. Тыя пакрылі яго словы здаволеным гудам. Як ня дзіўна, а гэтыя наіўныя, дзіцячыя аргумэнты Аксэнты зрабілі на сялян уражаньне куды большае, чымся цьвярозыя разважаньні Лясьніцкага. Кожны гатоў быў разам з Аксэнтам няўцямна развесьці рукамі, кожны гатоў быў разам з ім шчыра зьдзівіцца:
— Як-жа так? Як-жа можна? Ваявалі, здабывалі свабоду, а тут — суд!..
Аўторытэт Лясьніцкага пахіснуўся адразу. Калі ён хацеў сказаць яшчэ нешта, каб растлумачыць сваю думку, яго ўраз перапынілі, паднялі ўсе разам страшэнны гвалт — кожны сьпяшаўся з ім паспрачацца. У гэтым агульным узрушаным гомане Лясьніцкі, аднак, здолеў адрозьніць мэталічна-рэзкі голас Рыгора. Ён чуў толькі абрыўкі яго злосна-крыклівых сказаў, і таму здавалася, што Рыгор гаворыць нешта вар‘яцкі недарэчнае, дзікае.