Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Карл Іванавіч сунуўся па алеі роўна, павольна, як нейкая здань. Параўнаўшыся з альтанкай, ён марудна, быццам нехаця, павярнуў галаву і правёў па ёй цягучым змораным поглядам. Можна было падумаць, што ён і ня ўбачыў нікога, што проста зірнуў у прасьцяг пустымі, углыблёнымі ў нутро вачмі. Але Лясьніцкі заўважыў, што пад гэтым поглядам Раіса Андрэеўна неяк недалужна стулілася, зрабілася раптам маленькай і вінаватай. Гэта страшэнна зьдзівіла Лясьніцкага, стала прад ім вострай загадкай.

Тым часам Карл Іванавіч дайшоў да канца алеі і завярнуў па сьцежцы ўбок, у зарасьлі зьдзічэлага парку. Раіса Андрэеўна ўстала, затурбавалася.

— Ну, ідзіце ўжо. Я пайду дахаты… Бывайце!

Яна была нейкая дзіўная. Яна цяпер быццам не прымячала зусім Лясьніцкага — нешта трывожнае ўпарта займала цяпер яе думкі. Разьвітваючыся, Лясьніцкі хацеў пацалаваць ёй у руку — яна вырвала, паглядзела на яго з сярдзітым зьдзіўленьнем.

— Бывайце!

Яму стала сорамна. Ён нічога больш не сказаў, пайшоў моўчкі к берагу. У момант згінуў яго радасна-ўзьняты настрой, асела на сэрца нешта цяжкое, даўкае. Плывучы назад, ён з злоснай напружанасьцю працаваў вёсламі і з усіх сіл стараўся адагнаць цяжарныя думкі, якія назольлівым роем лезьлі ў мазгі. Хацеў і паненку Раісу выкінуць з думак, але нічога ня выходзіла. Яна стаяла ўваччу, як жывая, і поўніла сэрца нейкім трывожна-шчымлівым пачуцьцём. Было чамусьці сумна да сьлёз і троху крыўдна.


НАДЫХОДЗІЎ час сенакосу. Перад сялянамі вёскі Зяленічы ўставала пільная і турботная задача — даставаць сенажаці. Сваёй сенажаці вёска ня мела, з даўных пор купляла то ў памешчыка, то ў суседніх сялян. Усе апошнія гады зяленіцкія сяляне касілі панскую луку, якая была каля самае