лёгка й прыемна. Ён утупіў вочы ў кніжку і пачаў чакаць. Хутка пачуліся яе лёгкія крокі. Потым яны спыніліся, Значыцца — заўважыла. Ён яшчэ глыбей утупіўся у кніжку — нібы нічога ня чуў і ня бачыў, нібы суздром захапіўся чытаньнем. Прайшло так з поўхвіліны. І тады пачуўся яе сярдзіты раздражнёны голас:
— Вы што тут робіце?
Лясьніцкі спакойна зірнуў на яе, прывітаўся (яна гэтага быццам і не заўважыла) і адказаў з наўмыснай бязуважнасьцю:
— Чытаю брошуру „Монархія ці рэспубліка“ але няцікавая… А вы што?
Яна, відаць, гэтага не чакала. З момант яна ня ведала, як адказаць. Потым сказала з яскрава падкрэсьленым сарказмам:
— Было-б куды больш орыгінальна, каб вы для гэтае мэты прышлі ў наш дом, калі там нікога няма…
— Дзякую… Я лепш уважаю цяністы халадок гэтага зьдзічэлага саду. Я першы раз у гэтым цудоўным куточку, і, шчыра скажу вам, шкадую, што ня знаў яго раней… А вам падабаецца тут?..
Яна азірнула яго многазначным упартым поглядам, які нібы гаварыў:
— Ён яшчэ разгаварвае… а?..
І сказала з сьмешнай дзяціннай пагрозай:
— Слухайце. Я пайду зараз і скажу тату: ён загадае, вас вывесьці адсюль.
Лясьніцкі ўсьміхнуўся.
— Гэта будзе зусім лішні клопат. Пакуль вы дойдзеце да хаты, я ўжо буду пасярод Дняпра, бо ў кустох стаіць мая лодка. Але скажэце: няўжо вам так нясьцерпна мая прысутнасьць? Калі гэта так, дык я і бяз таты магу пазбавіць вас ад яе… Я прынес вам кошык, які вы выпадкова згубілі ў лесе… Вазьмеце яго!
Ён устаў, рыхтуючыся пайсьці. Апошнія словы яго неяк самі сабой сказаліся шчырым, нават крыху ўзрушаным голасам, у якім празьвінела міжвольная нотка крыўды.