Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Парк быў страшэнна запушчаны. Толькі на гэтай алеі прыметны былі сьляды сякога-такога дагляду. А ўжо за радамі ліп адразу пачыналася дзікая, непраходная гушчэча.

Лясьніцкі заўважыў на некалькі крокаў у бок ад алеі старую напоўразбураную альтанку. Калісь яна была абвіта жывой зелянінай дзікага вінаграду, бо-й цяпер яшчэ па бакох недалужна зьвісала жоўтае сухое гальлё, а ў іншых мясьцінах нейкім дзівам яшчэ прычапілася пара-другая зялёных сьвежых лістоў.

Лясьніцкі накіраваўся ў гэту альтанку і сеў там на струхлелую паламаную лаўку. Ён наўмысьля выбраў такую позыцыю, каб было добра відаць яго ад алеі. Потым ён вынуў з кішэні кніжку і стаў чытаць.

Колькі хвілін Лясьніцкі і папраўдзе чытаў, нават разумеў прачытанае. Але хутка адарваліся думкі ад кнігі, залуналі ў іншым напрамку, завіліся вакол другога прадмета. Перш-на-перш ён цьвяроза і крытычна зірнуў на самога сябе, на свой учынак і схапянуўся, гатовы кінуцца на бераг і паплысьці назад, пакуль ня позна. І сапраўды: забраўся ў чужы парк, у чужую альтанку, ніхто яго тут ня ведае, убачаць — могуць падумаць нямаведама што… Могуць прагнаць, як злодзея. Яшчэ сабакамі зацкуюць…

Але тут-жа зьяўлялася ў Лясьніцкага нейкая ўпартая рашучасьць, нейкая дзіўная ўпэўненасьць, што ўсё кончыцца добра. Чамусьці ён быў перакананы, што ён тут сустрэне паненку, што сустрэне яе адну і, такім парадкам, будзе мець магчымасьць вольна з ёй пагутарыць. І, як на дзіва, яго разрахункі спраўдзіліся. Прайшло хвілін 40 (прайшлі яны ў вострым нэрвовым хваляваньні) і ў канцы алеі паказалася знаёмая постаць у белай сукенцы, у ружовым шаліку. Яна ішла шпаркай, зграбнай хадою, энэргічна, але няшырока махаючы правай рукой. У левай у яе відаць была кніжка, якую яна трымала, прыціснуўшы да грудзей.

Лясьніцкаму нешта заняло дыханьне, сэрца пачало балюча млосна зрывацца. Але гэта было адзін толькі момант. Потым зноў зацяплілася ў нутры ранейшая гарэзасьць, стала