Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён цалаваў яе з нейкай нэрвовай пасьпешнасьцю. Ён сам ня мог вызначыць, ці прыемна, ці няпрыемна яму ад гэтых пацалункаў. Сам ня знаў, ці гэта сьпяшаецца ён, каб больш атрымаць здавальненьня, ці каб скарэй адвязацца, здаволіць яе.

Быў такі двоісты нейкі настрой.


ДВА дні пасьля таго ня выходзіла з галавы ў Лясьніцкага паненка Раіса. Два дні ён ламаў галаву, думаў усё, як цяпер абыйсьціся, што зрабіць з гэтым няшчасным кошыкам. І, нарэшце, надумаўся.

На трэці дзень апаўдні ён узяў у перавозьніка лодку і паплыў уніз па Дняпру. Ён з напружанай энэргіяй працаваў вёсламі, і лодка няслася, як птушка, сьмела пераганяючы быструю плынь. Не прайшло й поўгадзіны, як засінеў на левым беразе густы і цёмны лоўчынскі парк.

Лясьніцкі прыстаў к берагу. Ён ледзь выбраў сярод навіслага над вадой лазовага вецьця мясьцінку, дзе-б можна было паставіць лодку, прымкнуў яе і праз пераблытаны гушчар палез на гару. Тут лазьняк быў шчытна пераплецены косамі хмелю, жавін і воўчых ягад, прыходзілася ірваць рукамі гэтую глухую заслону, каб праз яе прабрацца. Ды яшчэ не даваў як сьлед разгарнуцца пракляты кошык. Таму Лясьніцкі зусім затаміўся, пакуль выбраўся з берагу.

З боку Дняпра парк ня быў абгароджаны. Выбраўшыся з зарасьлі, Лясьніцкі адразу апынуўся ў пачатку роўнай шырокай алеі, якая другім канцом сваім выходзіла на дзядзінец поплеч з белым панскім домам. Алею шчытна сьціскалі з бакоў два рады таўшчэзных стогадовых ліп, якія сваімі хмурымі постацямі стваралі ўражаньне нечага змрочнага, векавога. Такое ўражаньне робяць старадаўныя, шчарнелыя ад часу портрэты, разьвешаныя ў строгім парадку дзе-небудзь у пыльнай закінутай салі.