Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён усьміхнуўся.

— Як гэта — ці люблю? Гледзячы каго… Вось, напрыклад, паненку люблю, бо яна прыгожая…

Макрына быццам і не заўважыла яго жарту.

— А я дык дужа ня люблю паноў, баюся іх… Яны сьмяюцца, зьдзекваюцца над простым народам… Быццам яны нейкія асаблівыя, не такія людзі, як усе… Я-б, здаецца, ні за што не пакахала пана, хоць-бы які быў прыгожы… А нашы-ж бабы дык некаторыя ў Карлу пазакахаліся… Казалі, што Тэкля салдатка хадзіла да яго ў пакоі нанач, сама набілася… А яму што — баба хоць куды, такую пашукаць трэба…

І Макрына неяк наіўна, падзіцячаму засьмяялася. Сьмешна ёй стала, што бабы Карлу кахаюць, нанач да яго самі ідуць…

А цяпер Лясьніцкі ўжо не зразумеў яе сьмеху. Ён здаўся яму зусім недарэчным, Найшла з чаго сьмяяцца!..

І яшчэ не падабалася Лясьніцкаму, што Макрына зусім не зважае на яго словы пра паненку. Мабыць, наўмысьля, каб віду ня даць, каб паказаць, што гэта зусім яе ня цікавіць…

Лясьніцкаму захацелася яшчэ раз навесьці гутарку на гэту тэму, і ён загаварыў пра кошык.

— Што мне рабіць з ім… Хоця-ня-хоця, а прыдзецца неяк ёй перадаць. Што-ж, трэба будзе ўбачыць яе, нічога ня зробіш…

А Макрына ўжо клапацілася разам з ім.

— Можа табе, Васілёк, дужа ня хочацца, дык я магу перадаць… Я часамі хаджу ў маёнтак.

— Ты тут ні пры чым.

Лясьніцкі ўсур‘ёз пачынаў злавацца. Макрына пачула гэта сваім жаночым інстынктам, Яна абвіла яго рукамі, шчыльна да яго прытулілася, зазірнула ў твар яму сьветлымі адданымі вачмі…

— Васілёк! Чаго ты сярдзіты? Ня злуйся, Васілёк… Ну, пацалуй мяне, любы…