Макрыніны сьлёзы. Але баяўся, каб не сьмяяліся потым, каб не дражніліся, бо ўсе-ж троху ведалі або дагадваліся аб іхнай блізкасьці.
І Лясьніцкі маўчаў. Успамінаў сваё абяцаньне Макрыне, гарэў проста ад сораму, але сіл не хапала выступіць на яе абарону.
І раптам ізноў азваўся Рыгор. Лясьніцкі пачуў, як ён са злосьцю крыкнуў на Макрыну:
— Ціху, дурная! Ня румзай…
І потым зьвярнуўся да сходу, заверашчаў сваім прарэзьлівым голасам:
— Вось, усё сьмешкі ды сьмешкі… А за што бабы пакутуюць, за што пасірацілі дзяцей! А хай-бы цяпер дапамаглі, хай-бы прышлі вось ды поле засеялі… А? Дык усё каб мужык? Усё на яго карак? Нічога! Мужык дужы, ён панясець, ха-ха!.. А калі мужыку, дык фігу з маслам… На што-б яно што, о-го-го!.. У іх зямля, у іх багацьце, а ты гаруй ды йдзі памірай, ды сям‘ю бяз хлеба кідай…
Яго перапыніў стараста.
— Не баламуць! Гавары, калі што да ладу, а не мялі языком…
Рыгор узлаваўся.
— А што, ты думаеш, я мялю языком дык і па тым?.. Нічога, брат, яшчэ невядома, хто што якое… А вось… Грамадзяне! Слухайце, што я скажу… Мужчыны! Вось трэба пасобіць салдаткам… У Макрыны вунь ні ражна не пасеяна… Дык я ёй засею ўсё-чыста, як сьлед. Толькі хай сход дасьць слова, што ніхто мяне не зачэпіць, што ніхто ня выкажа… Га? Як, згода? Пайду да Макрыны ў прыймы… Як ты, Макрына, згодна ці не?..
Макрына сьмяялася. Лясьніцкі кіпеў ад сораму перад ёй ды яшчэ ад нейкага едкага, як шчолак, пачуцьця. Стараста ня ведаў, як адчапіцца ад Рыгора. У мужчын узьнімалася весялосьць, але добрая, сяброўская, бяз жорсткіх кпін, без асьміхваньня.
Наконт прыймаў пусьцілі пару дабрадушных жартаў, нехта кіўнуў на Лясьніцкага, нехта ўспомніў пра мужа. Потым,