Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзе толькі можна пажаліцца, дзе будуць слухаць, а тым часам думаюць самі сабе:

— Ат! Дажджэшся ад іх дапамогі. Усё роўна іначай неяк трэба выкручвацца.

Можа каторая меркавала ў гэту хвіліну, як-бы спрытней павярнуцца, як-бы ўдала павесьці брывёй, каб спазрыцца якому мужчыну — з багацейшых, з кім ёсьць рахуба пагуляць ды пацешыцца…

А мужчыны пачалі жартаваць, пасьміхвацца. Аўтух, прысьпеўшы да ладу, ужо семяніў дробным макам каля жанчын, бязглузда паўтараючы пісклявым сваім галаском:

— Бабы-бабы, бабачкі… Бабы-бабы, бабачкі…

Некаторыя з жанчын пачалі здавацца на сьмех, агрызацца на жарты мужчын. Але вышла наперад і загаварыла высокая, худая і доўганосая баба, мужа якой нядаўна забілі на фронце. Усе неяк нібы засароміліся, як яна пачала гаварыць. Было ў ёй нешта застыглае, нязграбна-трагічнае — у хваравіта-сінім рэзка акрэсьленым твары яе, у голасе — грубым і працяжлівым, поўным нейкага пагарадлівага дакору.

— Як гэта вам ня сорамна! А ‘шчэ мужчыны, гаспадары… Які-жа тут сьмех? Ці-ж гэта мы вінаваты, што сіратамі асталіся… Пазабіралі, папастралялі, як авечак якіх… Што-ж нам цяпера рабіць астаецца, га?.. Які-жа тут сьмех?.. Каб пасобіць, дык яны ‘шчэ жарцікі строяць… А ў нас дзеткі можа хлеба ня бачаць, ня то што…

Сьледам за ёй загаварыла Макрына, пачала скардзіцца на сваю долю. Сур‘ёзнасьць і некаторая трагічнасьць моманту надала ёй сьмеласьці, экзальтавала яе. Лясьніцкі з прыкрай трывогай прымячаў, што голас яе ўсё больш пачынае дрыжэць, што вочы яе ўсё паўней ды паўней наліваюцца сьлязьмі.

І раптам яна заплакала, Не па-бабску, не загаласіла, а сьмешна неяк, няўмеючы, зарумзала, як дзіцянё.

Лясьніцкаму стала не па сабе. Ён чуў, што нешта трэба цяпер сказаць і хацеў гаварыць, бо страшэнна ўзрушылі яго