Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта дробнае ўместа, і тады было ўжо нешта буйнае, важнае, было агульнае вялікае гора і вялікая нястача.

Гэта быў голас народа.

Лясьніцкі чуў гэты голас і адчуваў сябе чамусьці маленькім-маленькім. Як дзіцячыя цацкі-піскунчыкі, спрабавалі ўзьнімацца аднекуль з глыбі тыя ружовыя мары, Тыя сьмелыя ўзьлёты юнацкай фантазіі, з якімі прыехаў на вёску. А іх прыціскаў настойна, бязьлітасна гэты голас народа, гэты агульны ўзрушаны гоман.

І расла ў нутры тупая няўцямнасьць.

А ў гэты час зьбянтэжаны стараста стараўся ўціхамірыць народ. Ён нешта крычаў, нешта гаварыў і паўтараў за кожным словам:

— Грамадзяне! Грамадзяне!..

Нарэшце ўдалося яму навесьці парадак. Тады павялі далей сходку. Пытаньне было аб дапамозе салдаткам. Лясьніцкі раптам заўважыў, што ззаду, за мужчынамі, стаіць колькі жанчын і сярод іх Макрына. Чамусьці яму не ўпадабалася, што яна тут.

Стараста абвяшчаў:

— Дык вось, мужчынкі, наконт саддатак, што з імі рабіць… Тут ёсьць загад, дый самі мы тож не скаціна, што-якое ды разумеем… ізноў-жа ня можна й каб паздыхалі ня еўшы… ваююць-жа, кроў праліваюць, за айчыну, можна сказаць, за свабоду… (І ён сам засароміўся свайго няўмыснага красамоўства). Дык як, старычкі, га?..

Маўчалі. Нехта нясьмела і вельмі туманна азваўся:

— Дык што-ж?.. Яно няхай…

А другі падцьвердзіў:

— Вядомая рэч!..

Іншыя нібы-та й ня чулі нічога — цішком вялі паміж сабою сваю прыватную гутарку.

Загаварылі тады самі салдаткі. Яны гаварылі ўсе разам аднатонным, звыклым да пастаяннае скаргі, голасам, у якім выразна гучэла нотка недавер‘я, безнадзейнасьці. Быццам гаварылі толькі таму, што звыкліся ўжо гаварыць усюды,