вольна прыбег з вайны і звычайна туляўся, а сягодня чамусьці паказаўся адкрыта, — тыя гаварылі ў поўголаса, але Лясьніцкі ведаў аб чым: аб вайне, аб парадках, аб свабодзе, аб бальшавіках і г. д.; нарэшце, трэцяя група скупілася вакол Аўтуха — маленькага вясковага скамароха, у якога пісклявы голас, рухавая — з падскокам — фігура, кукішам твар і вечна разбарсаная абора. Аўтухова аўдыторыя ўбірала ў сябе найбольш індэфэрэнтную частку насельніцтва, прапісных вясковых скалазубаў.
Лясьніцкі ўважна разглядаў усіх і сам сабе думаў:
— Вось і народ… Вось і тое шырокае поле для працы — для вялікай і труднай працы, аб якой так прыгожа гаварыў Матрунін… Але як пачынаць? Як падыйсьці?.. Вось узяў газэты з сабой, каб пачытаць… а ці будзе хто слухаць, ці трэба яны тут каму?..
Ён моўчкі сядзеў сярод старых, не мяшаўся ў іхную гаворку і яны таксама яго не чапалі. Нарэшце, ад гэтага прыкра зрабілася. Тады ўстаў і падышоў да Аўтуха. Спачатку Аўтуховы жарты толькі дзівілі сваёй недарэчнасьцю, а потым пачалі захапляць, пачаў шчыра сьмяяцца разам з іншымі.
Праз хвіліны дзьве пачалася і сходка. Перш чыталі нейкія паперкі з воласьці ці з павету. Трудна было вызначыць, ці гэта загады, ці адозвы. Пісалася ў іх пра свабоду, пра абарону айчыны, пра ахвяры на армію, пра выдачу дэзэртыраў і г. д. Калі пачалі чытаць пра дэзэртыраў, усе з усьмешкай абярнуліся да Рыгора. Аўтух падкраўся адзаду і крыкнуў раптам у яго над вухам:
— Дзяржы!
Увесь сход дружна зарагатаў. А як троху сьціхлі, стараста сказаў, разьвёўшы рукамі:
— Ну Й што вось з гэткім зробіш… Ты-б хоць, сукін сын, пабаяўся бога ды нас не падводзіў… Сядзеў-бы ў запеччы дзе-небудзь… А то — наце вам! — на сходку прыпёрся!..
Сяляне зноў рагаталі. Рыгор нешта крычаў, абарачваючыся ва ўсе бакі. Гэта быў высокі кашчавы мужчына з