Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раздаецца вада і ўсплывае наповерх цудоўнай красы дзяўчына. Яна асьцярожна наўкол азіраецца, яна, пэўна, хоча выйсьці на бераг, каб пагойтацца на гнуткім вецьці бяроз.

Мо‘ гэта русалка? А мо‘ гэта казачная Дзеўка-Паланянка, што ў моры з сонцам купаецца? Мо‘ недзе ўжо сочыць за ёй гарачым вокам шчасьлівы Іванька, каб злавіць яе зьнецікі, каб завезьці да злоснага пана?

А там, пад той бок, нешта раптам шчубоўкнула. Гэта пэўна ўдарыў са злосьці хвастом па вадзе страшэнны Цмок, гэта ён, пэўна, рыхтуецца ў бойку пайсьці з сьмелым, харобрым Іванькам?

І ўжо гэта не сава над галавой пераляцела з дрэва на дрэва, — гэта ляціць, сьпяшаецца да Йванькі стары мудрэц беларускіх лясоў — чорны Крумкач, нясе ваду гаючую, ваду жывучую.

І ўжо гэта не далёкая зорка праз туман прабілася, каб пакупацца ў чыстай сьцюдзёнай вадзе. Гэта блішчыць тэм пяро залатога Дра-Птаха, гэта ён згубіў яго, уцякаючы ад спрытнага Йванькі.

Эх, казкі, сьмешныя дзіцячыя казкі!..

Можа й гэта журботная песьня дзяўчат таксама казка? Мо‘ гэта сон залатога дзяцінства?..

Прыгожа ўлетку ў вёсцы Зяленічах!..

.......................

У вольны ад працы час Лясьніцкі ідзе да перавозьніка Саўкі. Той дае яму чорную ад старасьці, страшэнна нязграбную лодку, і ён едзе катацца. Ён выганяе лодку на сярэдзіну рэчкі, кладзе вёслы, вальготна адкідаецца на сьпінку кармы і плыве ўніз, аддаўшыся спакойна-шырокай плыні Дняпра.

Ёсьць нейкая нявымоўная слодыч у гэткім павольным руху па блакітна-люстранаму ўлоньню Дняпра. Асабліва, калі пачнецца ўжо лес. Там — куды ні зірнеш — усё агарнута нязвычайнай, цудоўнай красой — ціхай, прыветнай, якая поўніць нутро глыбокім спакоем, якая ўсяго ахінае нейкай празрыстай ціхасьцю, аблівае зялёным ласкавым сонцам. Там на круты высокі, бераг Дняпра ўзьбягаюць беланогай плоймай