— Здароў, Ляксандра, браток ты мой родны!..
— Здароў, каб ты згарэў… Ты ўжо тут?..
Лясьніцкі прышоў раней за ўсіх сваіх падарожнікаў. Яго праводзілі Андрэй і Ніна. Білетаў яшчэ не давалі, і яны ўсе ўтраіх сталі каля праходу, каб лепей было заўважыць сваіх. Чакаць доўга не давялося. Праз хвіліну ўбачылі Славіна, які, не прымячаючы іх, заўзята цёрся скрозь публіку, адчайна абараняючы акуляры і клунак. Яны яго паклікалі, ён з хвіліну мацаў няўцямна навокал сваімі сьляпымі вачмі, потым заўважыў іх і рашуча зьмяніў напрамак. Падышоў запараны, змучаны, але з дабрадушна-ветлай усьмешкай на твары.
— Халімы няма?
— Не яшчэ…
Ён зайшоў за выступ сьцяны, выняў хусьцінку і пачаў старанна церці свае акуляры.
А яшчэ праз колькі хвілін і Халіма прысунуўся. У яго выгляд быў зусім паходны. Ён быў у нейкай куртузай паддзёўцы, падпяразанай салдацкім рэмнем, за плячмі ў яго тырчэла салдацкая паходная торба, а на баку задорна боўталася мэталічная фляшка, — напэўна пустая. Упацеў ён быў страшэнна, але трымаўся бадзёра і важна. Як прышоў, спачатку паволі прывітаўся з усімі, даведаўся пра поезд і потым ужо стаў зьдзіраць з плеч сваю торбу.
У Лясьніцкага быў вельмі добры настрой. Яму хацелася пець, крычаць, сьмяяцца, хацелася выкінуць якую-небудзь гарэзную штуку. І таму, што нічога такога ня можна было рабіць, стаўплялася ў грудзёх захапленьне, сьціскала горла нэрвовымі даўкімі спазмамі.
Яму ўсе здаваліся цяпер прыемнымі, слаўнымі. На Ніну, дык ён ня мог паглядзець, каб ня ўсьміхнуцца пяшчотнай сьветлай усьмешкай. Такая яна была любая ў гэту часіну. І хлопцы таксама… Толькі Андрэй троху нібы турбаваў сваёй нязьменнай тонкай усьмешкай. Стаіць, ледзь-ледзь нахіліўшы на бок галаву, зьлёгку падрыгвае нагой, разглядае ўсіх навокал сьмелым задорным поглядам і ціхенька сабе ўсьміхаецца. А чаго? — нямаведама.