Халіма ўрачыста падняў палец угару.
— Я — казёл… Я прышоў, каб зьбіць ілбом гэта пужала… Хочаш, Васіль, я зараз саб‘ю яго?.. Хочаш — пайду і ня дам гаварыць?.. Хочаш?..
Тут Лясьніцкі з страхам заўважыў, што Халіма ладна выпіў. Ён ведаў, што ў такіх выпадках усяго ад яго дачакаешся…
— На ліха ён табе… Хадзем лепш пройдземся троху.
Халіма памкнуўся пярэчыць, але-ткі згадзіўся.
Яны вышлі на вуліцу. Халіма зьлёгку хістаўся і ўсё бурчэў з п‘янай упартасьцю:
— Ты думаеш, можа, што я выпіўшы, га?.. Васіль… ты нешта злуешся на мяне… Я выпіў, бо не магу… У мяне гарыць кроў… Я хачу, каб нешта крышыць, ламаць… Я хачу, каб рабіць рэволюцыю… Васіль, ты думаеш, гэта — усё? Га?.. Хе-хе… Трасца… А рабочыя дзе, а? А сяляне дзе, а? А фабрыкі, заводы, зямля, а? Ха-ха-ха-а-а… Хітрунчыкі… А вайна нашто? Каму вайна трэба, ты ведаеш, Васіль?.. Ты на мяне ня злуйся… я ня люблю такіх, як ты… табе — каб гэта ціхенька, зладненька… А мне — рэволюцыю дай, я буду біцца!
Ён, захапіўшыся, стаў амаль што крычаць, Лясьніцкі яго папрасіў:
— Халіма! Сьціхні… Я й так добра чую… І я на цябе не злуюся…
— То-то… Помніш, як мы супроць жыдоў выступалі… Я цябе запрасіў, я на цябе спадзяваўся… Праўда, мы ўсе былі дурні… я яшчэ вокны біў тады… помніш? А цяпер я — ого! — разумею… Стой… Пайду растлумачу…
Ён завярнуўся назад. Лясьніцкі хацеў яго затрымаць, але ён ня слухаў ужо.
— Я скажу.. Я выкажу ўсё… Хай яны ведаюць…
І, не зважаючы на ўгаворы Лясьніцкага, ён рашуча падаўся назад, на лекцыю.
Лясьніцкі пайшоў сьледам за ім.