І вось, калі Лясьніцкі ўжо расказаў пра сваё замілаваньне да вёскі, пра сваю радасьць, злучаную з блізкім ад‘ездам туды, пра свае шырокія пляны, калі ён ужо, як мог, нахваліў вёску і вясковае жыцьцё, Ніна раптам спыніла сваю работу (яна нешта шыла) і сур‘ёзна яго запытала:
— Колькі ў вас зямлі?
Ён адказаў.
— Колькі вы зьбіраеце хлеба?
Ён адказаў таксама.
Потым пайшлі запытаньні: колькі коняй, кароў, авец, ці вялікая сям‘я, ці ёсьць якія заробкі і г. д. Калі Лясьніцкі на ўсё адказаў, Ніна крыху падумала і потым аўторытэтна зазначыла:
— Так. Вы справядліва гаворыце… На вёсцы цяпер жыць куды выгадней…
Лясьніцкі разумеў, што яна наўмысьля, каб падражніцца, дала яго словам такое грубое матэрыяльнае тлумачэньне, але ўсё роўна горка стала і крыўдна. Ён хацеў быў перавесьці гэта на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор:
— Ніна! Нашто вы так…
Тады схапянулася раптам яна і праказала ўжо сапраўды сур‘ёзным, нават троху сярдзітым голасам, у якім таксама чувалася крыўда й дакор.
— А што вы мне казкі розныя расказваеце, калі ведаеце, што ў нас хлеба не заўсёды хапае, што бацьку на лякарства няма, што я чаравікаў ня маю зусім…
Лясьніцкаму тады страшэнна сорамна стала. Каб не паказаць гэтага, ён завярнуўся і, не сказаўшы нічога, вышаў з пакою.
Пасьля таго ён цэлы дзень з ёй не гаварыў і свае думкі затоіў глыбока ў нутры, не казаў аб іх больш нікому. Калі нешта Андрэй між іншага запытаў, ці скора іх пусьцяць дахаты, ён буркнуў скрозь надутыя вусны:
— Ня ведаю…
І больш ані слова, Здалося яму, што Андрэй нешта мае на ўме, можа хоча пасьмяяцца над ім. Андрэй больш яго не чапаў.