Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што нешта тут не ў парадку, што вакол яго змагаюцца нейкія сілы, што змаганьне гэта расьце з кожным днём, з кожным днём абвастраецца.

Зразумець усяго гэтага ён ня мог, бо ішло яно насуперач усяму яго мысьленьню, насуперач тым квяцістым марам, якімі ён сябе абкружыў.

І вось, як выхад з гэтага неўразуменьня, зьявіўся ў Лясьніцкага востры сум па вёсцы, моцнае жаданьне паехаць туды, каб пазбыцца ўсяго гэтага цяжкога, няпрыемнага, што робіцца тут, у горадзе. Свае мары злучаў ён цяпер толькі з вёскай — горад яму зьнялюбеў, як зьнялюбела ўсё тое, што наганяла на розум цяжар балючай няўцямнасьці.

Здавалася, што там, на вёсцы, на вольных прасторах палёў, дзе так проста, так ціха цячэ жыцьцё гарапашных сялян, там знойдзе ён прыгожае, новае, што прынесла з сабой рэволюцыя. Там знойдзе ён глебу для працы, там з захапленьнем, з радасьцю аддасьць свае сілы на служэньне народу.

І Лясьніцкі ня мог дачакацца таго недалёкага часу, калі скончыць школу і здолее ехаць дахаты. Думку аб хуткім ад‘езьдзе на вёску ён ні на хвіліну невыпускаў з галавы, Усё, што-б ні рабілася вокал, усё, што-б ні ўсплывала ў нутры ў самога, ён злучаў з гэтай думкай. І яна давала спакой, пазбаўляла ад усіх сумненьняў, ад усяго няпрыемнага, што паўставала на жыцьцёвым шляху.

Сваім новым жаданьнем Лясьніцкі заразіў і Славіна. І вось пачаліся ў іх доўгія гутаркі-ўспаміны аб вёсцы, аб розных праявах вясковага жыцьця. Пачалі ўмаўляцца яны аб тым, што кожны на вёсцы будзе рабіць, аб тым, колькі лістоў у тыдзень будуць пісаць адзін аднаму і г. д.

А з Нінай Лясьніцкі дык пасварыўся нават праз гэта самае. Ён успомніў быў нешта, як калісьці хадзілі яны на Дняпро, як апавядаў ён пра вёску, як яна потым успомніла маці сваю, сказала, што маці таксама з вёскі была, што пела яна вясковыя песьні. І захацелася яму яшчэ з ёй так шчыра пагутарыць, захацелася і з ёй падзяліцца сваім новым настроем.