Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Раскашуюцца, чэрці, з чужога поту. Ім — што, сабачкі ў модзе, а людзі здыхаюць з голаду… Тыдзень працуеш, а на дзень не заробіш… Свабоду далі…

— Свабода, ды не табе…

— Свабода панскім сабачкам, ха-ха…

Зноў паляцела некалькі матаў. Потым яшчэ апавядаў той, што раней расказаў пра сабачку. Хлопцы, ўжо не даслухалі, бо тыя зьвярнулі, пайшлі другой дарогай…

Лясьніцкі адчуваў сябе неяк няёмка. Цягнула пагаварыць зараз аб тым, што чулі, са Славіным, але чамусьці трудна было распачаць. А Славін таксама маўчаў, нешта думаў. Мабыць, і яму карцела пагутарыць, ды ня ведаў, як тут пачаць.

І пачуў Лясьніцкі, што гэты выпадак, гэтая няўмысьля падслуханая гутарка ўбілася мулкім ражном у той узьняты настрой, з якім ён пайшоў ад Матруніна. У тое ружовае, сьветлае — капнула кропля чорнай атруты, едкай гаркатой разбавіла чароўную слодыч.

Хацелася пазбыцца гэтага ўражаньня, хацелася аднавіць ранейшы настрой. Але ня ведаў, як гэтага дасягнуць. Каб далей не маўчаць, каб нарэшце завесьці аб гэтым гутарку, Лясьніцкі спытаўся:

— Славін! Хто гэта былі?

— Пэўна рабочыя… З чыгункі, мусіць…

І зноў змоўклі. Так і дайшлі моўчкі да кватэры Славіна. Толькі там, мабыць пад уплывам клясычнага бязладзьдзя Славінскага пакою, якое раджала нейкую вальготную раскіданасьць і лёгкасьць настрою, сьцёрлася ў уяўленьні хлопцаў жывасьць усяго, што было ў гэты вечар. Сьмяючыся, жартуючы, яны гатавалі чай, пілі яго з чэрствым хлебам і сахарынай, чыталі потым вершы Ясінскага і чамусьці нязвычайна захапляліся імі.

А калі ўжо ляглі былі спаць, Славін раптам устаў, палез у скрыню, доўга поркаўся там і падышоў да Лясьніцкага, неяк вінавата бліскаючы сваімі акулярамі — сьмешны такі, недарэчны.