Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рад быў стары, што словы яго так запаляюць людзей, такі робяць уплыў на іх сэрцы.

Ад Матруніна Славін пацягнуў Лясьніцкага да сябе.

Вясновая ноч была цёплая, на вуліцы роілам біўся народ, было навокал пярэста і шумна. А як збочылі з галоўнае вуліцы ды прайшлі кварталы са два, там ужо спаў горад у ціхай цемры, было бязьлюдна і пуста.

З-за аднаго рогу наўпярэймы ім вышла купка нёйкіх людзей. Яны завярнуліся і, голасна гамонячы, пасунуліся сьпераду ў хлапцоў.

Хлопцы прыціхлі й прыслухаліся. Гутарка людзей іх зацікавіла.

Ён паручнікам служыць… грап нейкі знатны… багатыр…

— Сволач… вядома…

— Ну, дык што?

— Прыяжджаюць, заказваюць поезд — падарункі, значыць, салдатам на фронт…

— Трэба ім дужа… Усё на падман… каб не разьбегліся…

— Так… Дык вось поезд гатоў, прыяжджае гэты панок — фэртам такім, займае мяккі вагон, адпраўляецца поезд, усё як мае быць… А потым, бач, аказалася, што ў сумятні недзе сабачка яго тут, на вакзале, згубілася… Што-ж бы вы думалі? Дайшоў поезд да першага разьезда і — стоп… круці назад… Разьезд звоніць сюды — так і так, сабачка, значыць, у грапа прапала, дайце жазла… назад, значыць, ехаць… Дзяжурны туды-сюды… і прыняць поезд, — дык прапаў, і ня прыняць — тож прапаў, грап ня спусьціць…

Ну, і як-жа вышла?..

— Ды так… знайшлі тую шчэнь ды на паравіку адправілі — гаспадара даганяць… Для сабачкі, значыць, паравік прадставілі… А на вакзале чакаюць адпраўкі сотні людзей, а мо‘ й тысячы…

Цёмную ціш прабіла некалькі ўзмахаў ядрана-злоснага мата.

— Сволачы, жывадзёры!..