Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён сузірае, ён яскрава бачыць вобразы сваіх лятуценьняў, бо малюнак іх ясны й прыгожы.

Яму здаецца, што прад ім вольна раскрылася шырокае бязьмежнае поле. Гэта — жыцьцё. І ў гэтым полі-жыцьці пераблытанай сеткай віюцца сьцежкі-дарожкі. Іх многа бязьмерна, яны перасякаюць, пераганяюць адна адну і неяк пасьпешна, уцякаючы, губляюцца ў далечы, быццам хочуць завабіць туды, заманіць…

Ён выбірае адну сьцежку і йдзе — сьмела, адважна йдзе ў шырокае поле-жыцьцё. Сьцежка прыгожая — на ёй мякенькі жоўты пясочак, а па бакох сьвежыя кветкі. Ён цьвёрда ведае, куды яна прывядзе. Ён ужо бачыць там недзе далёка ў дыме сінявае смагі нявыразна-знаёмае, любае… Там — кажуховая вёска. Там — народ.

Ён сьпяшаецца, бо ведае, што там шмат сьлёз, шмат гароты. Там — горкая ўсьмешка Макрыніна расьцілаецца, топіць усё, пакрывае ўсё-чыста сваёй гаркатой.

Ён сьпяшаецца, бо йдзе на ратунак, бо йдзе, каб аддаць свае сілы, жыцьцё сваё нават — за долю народа. Ён чуе, ён назаўсёды запомніць гэтыя словы Матруніна:

„Народ вякамі стагнаў пад прыгнётам. Народ прагна чакаў вызваленьня… Цяпер ён яго атрымаў. Цяпер ён другога чакае, другога ад нас патрабуе… Ён цёмны, ён хоча сьвету, хоча навукі. Ідзеце ўсе, вучэце народ, аддавайце яму свае веды, свае сілы… Помніце, што людзі паміралі за тое, каб вы — цяперашнія гаспадары жыцьця — убачылі волю, убачылі такую высокую радасьць. Працуйце-ж, каб працягнуць з гонарам справу бацькоў…“

Так, яны будуць працаваць, яны усё зробяць, што толькі будзе па сілах…

І як скончыў Матрунін сваю двухгадзінную гутарку, хлопцы азваліся дружным, бязладным выбухам гоману, у якім чутна было сапраўднае імкненьне да нечага вялікага, новага, да працы па дасягненьню гэтага новага. А Матрунін, змораны, аслабелы, адкінуўся ў крэсла і сядзеў нярухома, гледзячы на хлопцаў з цёплай бацькаўскай усьмешкай.