ён і выгадаваў у сабе нязвычайна прыгожы ідэал свабоды і шчасьця, які мог вырасьці толькі на глебе глыбокага асабістага гора, зьлітага з горам мільёнаў, з адвечнай народнай пакутай. Гэты ідэал, якім цалком прасякнута было ўсё жыцьцё старога Матруніна, яго ажыўляў, рабіў маладым, даваў яму здольнасьць уплываць на другіх, асабліва на моладзь.
Сёньня стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое, як кахалі яны, старыя рэволюцыянэры, народ, як гатовы былі пайсьці за яго на пакуту і сьмерць, як адданы былі сваёй небясьпечнай, але прыгожай і слаўнай справе.
На Лясьніцкага словы Матруніна рабілі моцнае ўражаньне. Прад вачмі ў яго плылі поўныя цудоўнай романтыкі малюнкі. Яны захаплялі яго, поўнілі напружана-вострымі лятуценьнямі. Ён гатоў быў цяпер пайсьці на змаганьне, гатоў быў ахвяраваць нават жыцьцё…
За народ… За свабоду…
Вочы ў яго блішчэлі ясным агнём парываньня і неяк млосна, балюча сьціскалася сэрца.
Калі-ж потым Матрунін пачаў гаварыць аб сучасным, пачаў гаварыць аб абавязку кожнага з іх пайсьці на службу народу, Лясьніцкі зусім загарэўся. І тады яму стала надзвычайна радасна, бо здалося, што праясьніліся ўсе сумненьні яго, што сам сабою знайшоўся той „пункт“, якога шукаў ён, без якога ня мог знайсьці месца ў жыцьці…
За народ… За свабоду…
Мігнула ў думках прыгожым туманам родная вёска… Сям‘я… Макрына… І ўсё расплылося ў нечым шырокім, кажуховым, у любым такім, да чаго трэба ісьці, чаму трэба служыць…
Гэта — народ. Гэта — той „пункт“, вакол якога павінна віцца жыцьцё, гэта апора імкненьняў, думак і лятуценьняў, Цяпер усё ясна, усё зразумела.
І Лясьніцкага ўсё больш і больш ахапляе вострая радасьць. Сэрца яго топіцца ў моры агнёвых жаданьняў — у бурным моры, ад якога ў сэрцы ўскіпае балючая слодыч. Ён ня бачыць нічога навокал, яго погляд увабраўся некуды у глыб,