Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў крэсьле сядзеў сам Матрунін, а вакол яго разьмясьцілася з дзесятак хлапцоў. Хто сядзеў, хто стаяў, хто хадзіў па пакоі — відаць, трымалі ўсе сябе вольна, як дома.

Матрунін пазнаў Лясьніцкага і ветла прывітаўся з ім. Славіна Лясьніцкі адразу прадставіў. Стары і таго сустрэў вельмі цёпла, быццам чакаў яго, і рад, што прышоў.

У мяккім хатнім гарнітуры, асьветлены гарэзьлівым бляскам групкі, Матрунін здаўся Лясьніцкаму яшчэ больш сымпатычным, чым той раз. Дый усё тут было сымпатычнае. Нават хлопцы — усе незнаёмыя, чужыя — здаліся такімі добрымі, слаўнымі, быццам былі гэта старыя таварышы і прыяцелі.

Як увайшлі Лясьніцкі і Славін, ужо вялася жвавая гутарка. Хлопцы селі ў куток і пачалі ўважна прыслухоўвацца. Спачатку трудна было ўявіць, аб чым ідзе гутарка. Часта паміналіся словы „народ“, „дэмократыя“, „свабода“. Потым ясна стала, што гутарка йдзе аб сучаснасьці, аб рэволюцыі, яе лёсе, аб лёсе Расіі і г. д. Спрачаліся: ці павінна быць у Расіі дэмократычная рэспубліка, ці проста рэспубліка, ці констытуцыйная монархія. Вышуквалі розныя спосабы для захаваньня моцнае арміі, для захаваньня парадку, для перамогі над немцамі.

У той час усе гаварылі аб гэтым, у той час наогул шмат гаварылі, пачынаючы з міністраў і канчаючы дробным гандляром з бакалейнае крамкі.

Матрунін глядзеў на моладзь і ўсьміхаўся пагадлівай усьмешкай. Ён зрэдку ўстаўляў сваю аўторытэтную рэпліку, але больш маўчаў і слухаў. Мабыць, чакаў, каб выгаварыліся ўсе колькі-хоця, каб вылілі свой юнацкі пыл.

Нарэшце, неяк само сабой вышла, што змоўклі ўсе, а пачаў гаварыць Матрунін. Гаварыў ён доўга, мабыць, гадзіны са дзьве, але не надакучыў нікому. Ні на хвіліну ня зьніжалася агульная ўвага, ні адным гукам ніхто не перапыніў яго.

Матрунін быў стары рэволюцыянэр-народнік. Ладную частку жыцьця ён правёў у турмах і высылцы. Мабыць, там