Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/398

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нае вячэрняе сонца, і лісьце палала ў радаснай ветласьці, і здавалася, што гэта ня золата сьмерці, а кроў жыцьця, што асілкі-дубы жывуць новай чырвонай вясной.

Лясьніцкі сеў над высокаю кручай. Дняпро перад ім разаслаў бліскуча-барвістую гладзь, якая пышна гарэла вясёлкавым рознацьветам. Там, дзе тонула ў Дняпры вячэрняе сонца, там яскрава гарэла гарачая кроў, а чым далей ад сонца, тым больш было хваравітае бледасьці й сіні, пакуль зусім не чарнеў Дняпро глухой вароненай стальлю. А за Дняпром на голым і чыстым лузе хадзілі коні — бліскучыя цацкі — і з тлумным гоманам пераляталі гракі. Там было многа прастору і многа прывабнай далёкасьці.

Дзіўны настрой апаў на Лясьніцкага. На душы і ў сэрцы стала цудоўная яснасьць, як і ў гэтым чыстым восенскім вечары. І ў яснасьці той выразна адзначыўся кожны рух, кожны момант былога й сучаснага — стала так, быццам ён глядзеў у нейкую дзіўна-празрыстую глыбіню і бачыў у ёй сваё ўласнае жыцьцё — яго буйныя ўсплёскі і дробныя, ледзь прыметныя пералівы. Тады Лясьніцкі цалкам углыбіўся ў сябе, сабраў усю ўвагу і азірнуў стракатую чараду сваіх мінулых гадоў. І ўбачыў ён, як паслаліся там пераблытанай сеткай глухія сьцежкі-дарожкі, перапляліся пераплётам заклятым — няма ў іх, здаецца, ні канца, ні пачатку, і невядома, як разблытаць мудроны іх вузел, як раскрыць іх зачараваны круг. Па гэтых сьцежках блукаў ён і з гэтых сьцежак вышаў на роўны, шырокі шлях. На гэтым шляху многа злавеснае, чорнае небясьпекі, але ісьці па ім радасна, бо не сваёй ідзеш недалужнай сілай, а сілай дружнае грамады вялікага колектыву.

Лясьніцкі сядзеў, углыблёны ў сябе, і думаў — перабіраў драбніцы жыцьця свайго, правяраў яго няпэўны блытаны поступ. Калі-ж апаў на зямлю ліпучы вячэрні змрок і Дняпро хмура прытоіўся ў чорнай бяздоннай процьме, калі з вёскі нейкім выпадкам даляцеў сюды абрывак задорнага дзявочага сьмёху, — тады ў нутро к Лясьніцкаму аднекуль уліўся ціхі шчымлівы смутак, абудзіў чараду нявыразна-прыгожых воб-