хаты адзін. Яго не пазнавалі — гэта відаць было па тых напружана-цікавых і сур‘ёзных поглядах, якія кідалі ў яго з вакон. Лясьніцкі рад быў, што яго не пазнаюць, бо лягчэй і сьмялей так было прайсьці цераз вёску.
Дома яго тож не адразу пазналі, Пётры ня было — тойбы напэўна пазнаў. А бацька дык перш з спакойнай цікавасьцю адказаў на прывітаньне, потым неяк скосу пачаў прыглядацца, і толькі тады, як Лясьніцкі ня вытрымаў і засьмяяўся, — толькі тады пачалася сумятня радаснае сустрэчы. Быццам спэцыяльна запрошаныя, зараз-жа зьявіліся і матка з Пётрам — матка пачала плакаць у качарэжніку, а Пётра нясьмела мацаў на поясе ў брата наган. Бацька спакойна і дабрадушна перабіраў бесканцовы ланцуг меркаваньняў, па якіх усё выходзіла, што сын зрабіў надзвычайна добра, прыехаўшы ўдвор. А калі Лясьніцкі зазначыў, што прыехаў толькі на два дні, бацька змоўк і ў замяшаньні ня ведаў, што далей гаварыць. Яго падмяніла матка — яна, плачучы, пачала наракаць на ліхую вайну, што не дае спакойна пажыць „дзяцёнку“ ў роднай хаце. Бацька пастаяў троху ў раздум‘і, і раптам з нейкай рашучай злосьцю спыніў старую:
— Ціху ты! Завяла ўжо сваю музыку… Ня чулі, падумаеш…
І з разважнай сур‘ёзнасьцю запытаў у сына:
— Значыцца, зноў у войска?
— У войска.
Стары аб нечым задумаўся…
— Так… Хто яго ведае… яно й войска можа патрэбна… Зямлі вось троху забралі ў паноў… Зямлю, глядзі што, прыдзецца бараніць — наўдачу, каб так яны супакоіліся… га? Як там?.. Што там чуваць у вас?
Лясьніцкі пачаў тлумачыць бацьку, дзе і што „чуваць“, але не давялося задоўжыцца гутарцы. Не пасьпеў ён яшчэ й перакусіць з дарогі, як пачаў зьбірацца народ (ужо ўся вёска ведала, што ён прыехаў) — прышоў дзядзька Лявон, прыкандыбаў бязногі Аксэнта (старшыня сельсавету), дзед Саўка прыпоўз, і многа каго. Лясьніцкі шукаў вачмі яшчэ