Яны прышлі ў горад блізка а дзесятай гадзіне. Ім абодвым дужа не хацелася цяпер разыходзіцца — цяжка было несьці ў самоту прыкрыя ўражаньні гэтага дня. Таму Лясьніцкі з асаблівай ахвотай згадзіўся перабыць вечар у Ніны.
Андрэй з Макрынай пайшлі на нейкую вечарынку, і ячы асталіся ў хаце адны. Яны выбралі сабе прытульны куточак і завялі глыбока-шчырую гутарку, пачалі адзін аднаму „спавядацца“. У гэты вечар Лясьніцкі першы раз адкрыў Ніне ўсе свае таямніцы — расказаў ёй усё, што ўпотайку перажыў за гэтыя бурлівыя гады і што старанна хаваў дасюль ад погляду староньняга чалавека.
Праз тыдзень пасьля гэтага па прыгавару рэволюцыйнага трыбуналу быў расстрэлен Халіма. А на другі дзень (дзіўнае супаданьне) якраз адбылося тое жудаснае здарэньне, якое выклікала ў горадзе цэлую віхуру гутарак і разважаньняў: адначасна кончылі самагубствам, выпіўшы з аднае чаркі раствор цыяністага калія, Карл Іванавіч Шэмпель і яго пляменьніца Раіса. На стале ў іх знайшлі кароткую ляконічную запіску:
„У нашай сьмерці вінаваты мы самі“.
А пры далейшым дасьледаваньні гэтае справы была знойдзена ў маленькай касьцяной скрыначцы другая запіска, напісаная няцьвёрдай рукой Раісы і адрасаваная яе бацьку. Вось зьмест гэтае запіскі:
„Даражэнькі тата!
Мне цяжка паміраць, ведаючы, што я пакідаю цябе зусім аднаго ў такую страшную пару. Але адно пагаджае мяне з гэтай балючай думкай — гэта тое, што я пры сваім поўным бясьсільлі, пры сваёй фізычнай і духоўнай хваробе ўсё роўна не магла-б нічым дапамагчы табе. Так, даражэнькі тата, я страшэнна хворая, атручаная, паламаная. Мне сорамна пісаць табе, бо я адчуваю сябе глыбока вінаватай перад табой: я ні разу не зьвярнулася да цябе, як да бацькі, каб расказаць табе сваю трагэдыю і папрасіць дапамогі.