Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таніна, адна няўцямнасьць. Так многа вакол яскравага, новага, а што ў гэтым новым, што нясе яно за сабой — невядома.

Прайшоў адзін месяц, а колькі падзей прамігнула, колькі ўбачыў, даведаўся такога, аб чым і ня думаў ніколі.

Было шмат сходаў, былі дэмонстрацыі. Усюды гаварылі ўрачыста й прыгожа. І прывык сам думаць аб вялікім, прыгожым, аб рэволюцыі, вызваленьні, аб шчасьці народа, аб шчасьці ўсяго чалавецтва. Прывык адчуваць сьвята, захапляцца ім да сьлёз, да шчымлівага болю ў сэрцы…

Але ня было сьвядомага разуменьня ўсяго, што бачыў наўкола. Ня было „пункту“, ня было апоры для разважаньняў.

У горадзе ўсталявалася новае, новы парадак. Выехаў цар, зьявіліся партыі, адозвы, афішкі, пайшлі сходы, спрэчкі, прамовы, рэзолюцыі… Прыяжджалі міністры — яны яшчэ прыгажэй гаварылі, яны так горача заклікалі паўстаць на абарону вольнай айчыны, што закіпала адвага ў грудзёх і сапраўды хацелася рынуцца ў бой.

А з вёскі пішуць, што няма корму і бурыцца пуня. Пытаюцца, ці будзе мір, які будзе новы парадак. А што ён адкажа? Чаму няма корму і лесу на пуню, а лясы ёсьць, і зямлі ёсьць шмат, і лугоў, і ўсяго?.. Чаму трэба нейкі іншы парадак? Дзе знайсьці „пункт“? Дзе знайсьці разуменьне?

Коціцца пад нагамі стары пасівелы Дняпро, сьцеле шлях шырачэзны праз палі і лясы, сьцеле магутны шлях, які дыхае напорным поступам, у якім сіла зямлі, сіла жыцьця. Гэты шлях зачароўвае, цягне за сабою думкі і мары ў вольную далеч, у нязьведанае, у непазнанае. І вось, калі аддасіся ўплыву гэтага шырокага поступу, калі паляціш па бязьмежных прасторах сьмелымі марамі, тады можа зьнікнуць на час усё будзённае, дробнае, тады можна зьведаць чыстае пачуцьцё волі, тады загарэцца можа ў сэрцы радаснае імкненьне да нечага сьветлага, і гэтае сьветлае здасца магчымым і блізкім. І тады можна на момант пачуць, што нібы знойдзен „пункт“, што нібы стала ўсё зразумела і проста.

Гэта — міраж. Гэта — самападман. Лясьніцкі даўно пераканаўся ў гэтым. Лясьніцкі ведае, чым гэта канчаецца.